Я ДА МАРЫ СВАЁЙ ІДУ

Таленавітыя дзеці – радасць для бацькоў, гонар для землякоў. Кірыл Ларкін (на здымку) не першы год праслаўляе наш раён на розных конкурсах і выставах. 

На гэты раз ён стаў пераможцам Рэспубліканскага агляду-конкурсу дзіцячага малюнка “Як прыгожа зямля, на якой жыву я”, што праводзіла РУП “Белпошта”. На суд журы было прадстаўлена 103 карціны. Сваю работу Кірыл выканаў акварэллю. Ён намаляваў царкву, што стаіць на беразе вадаёма. Праўда, пабачыць яе нам не прыйшлося, з мінскай выставы карціну так і не вярнулі.

 Да такіх высокіх вынікаў Кірыл ішоў даўно. Яшчэ ў пачатковай школе хлопец пачаў маляваць. Тады ён і перайшоў у клас з мастацкім ухілам. Пазней пачаў наведваць гурток “Авиасудомакетирования», што працуе пры Цэнтры пазашкольнай работы. Вось тут і адбылося знаёмства з чарчэннем, якое захапіла хлопца. Амакеты караблёў, зробленыя яго рукамі, пабачылі свет на розных раённых і абласных выставах.

 Вучыцца Кірыл яшчэ ў 8“а” класе першай сенненскай школы, але ўжо сёння ён цвёрда ведае, што хоча быць архітэктарам. Насустрач сваёй мары ён крочыць штодня. Таму і робіць ухіл на матэматыку, мастацтва і чарчэнне.  Няхай задуманае абавязкова спраў­дзіцца. 

Кацярына КАРПОВІЧ.