Многоквартирные дома можно утеплить с использованием бюджетных средств и средств их собственников

 У пачатку верасня Прэзідэнтам краіны падпісаны Указ №327 “Аб павышэнні энергаэфектыўнасці шматкватэрных жылых дамоў”.

Дакументам вызначаны ўмовы і механізмы ўдзелу ўласнікаў жылых і нежылых памяшканняў у фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў па зніжэнні спажывання цеплавой энергіі ў шматкватэрных жылых дамах, скарачэнні затрат на ацяпленне і павышэнне спажывецкіх характарыстык такіх дамоў.

 — Рашэнне аб правядзенні названых вышэй мерапрыемстваў прымаецца на добраахвотнай аснове на агульным сходзе ўдзельнікаў сумеснага домаўладання, — расказвае Наталля Сапрыка, начальнік аддзела будаўніцтва, архітэктуры і камунальнай гаспадаркі Сенненскага райвыканкама. – Праўда, — адразу ўдакладняе яна, — за рашэнне павінны прагаласаваць уласнікі, якія валодаюць больш чым двумя трэцімі галасоў.

 У фінансаванні энергаэфектыўных мерапрыемстваў магчымы долевы ўдзел бюджэту і ўласнікаў, а таксама прыцягненне на гэтыя мэты іншых крыніц, у тым ліку заёмных сродкаў міжнародных крэдытна-фінансавых арганізацый. Немалаважная асаблівасць, уласнікі пачнуць кампенсаваць затраты толькі пасля завяршэння работ па павышэнні энергаэфектыўнасці дамоў. Памер кампенсацыі будзе вызначацца прапарцыянальна долі кожнага ўласніка ў агульнай плошчы жылых і(ці) нежылых памяшканняў.

 Указ прадугледжвае наступны парадак кампенсацыі: для ўласнікаў нежылых памяшканняў, убудаваных у шматкватэрныя жылыя дамы, — у поўным памеры штомесячна роўнымі долямі на працягу трох гадоў; для ўладальнікаў жылых памяшканняў – у памеры не меншым за 50% ад затрат штомесячна роўнымі долямі на працягу дзесяці гадоў. Мясцовым выканаўчым і распарадчым органам прадастаўляецца права павялічваць да 15 гадоў тэрмін кампенсацыі затрат малазабяспечаным і сацыяльна ўразлівым асобам.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.