Сянно — Масква: 2:0
У Выбаргу Ленінградскай вобласці прайшла спартакіяда выхаванцаў школ-інтэрнатаў і дзіцячых дамоў Саюзнай дзяржавы. Дзеці-сіроты спаборнічалі ў такіх відах спорту, як міні-футбол, валейбол, настольны тэніс і лёгкая атлетыка. Беларусь і Расія былі прадстаўлены камандамі па 120 чалавек. Сенненцы ў адборачных спаборніцтвах, якія праходзілі ў Гродна, яшчэ вясной атрымалі права выставіць каманды па ўсіх названых вышэй відах спорту, акрамя лёгкай атлетыкі. А таму наша прадстаўніцтва ад Беларусі было самым масавым — 24 спартсмены, а галоўнае — спартсмены Сенненскай школы-інтэрната выступілі даволі паспяхова.
Як расказаў Яўген Кісялёў, намеснік дырэктара ўстановы адукацыі і кіраўнік дэлегацыі, асабліва парадавалі дзяўчаты-валейбалісткі. Яны не прайгралі ні адной сустрэчы. Уступілі толькі першую партыю ў стартавым матчы, калі гулялі супраць каманды з Брэсцкай вобласці. У фінале валейбалісткі з Сянно сышліся з саперніцамі з Масквы. І не пакінулі масквічкам ніякіх шанцаў — у матчы з трох партый быў зафіксаваны лік 2:0.
Пасля вяртання з Выбаргу ўдзельнікі спартакіяды Саюзнай дзяржавы з прыемнасцю ўспамінаюць не толькі імгненні спартыўных баталій. Кіраўнікі каманды, юныя спартсмены адзначаюць дасканалую арганізацыю спаборніцтваў, утульныя спартыўныя пляцоўкі. Вельмі спадабалася культурная праграма, якая кожны дзень складалася з нейкіх забаўляльных і пазнавальных мерапрыемстваў, экскурсій. Асабліва запомніўся сярэднявечны замак.
А яшчэ на памяць аб спартакіядзе кожны яе ўдзельнік атрымаў сувенір і значок. Пераможцам і прызёрам пра спаборніцтвы будуць напамінаць таксама кубак, граматы і вялікія мяккія цацкі.
Аляксандр Лазюк.
На здымках: мы — пераможцы; каманды валейбалістак перад фінальным матчам.