Аляксандр ПАЎЛОЎСКІ, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама: “Нельга забываць — усе мы некалі станем пенсіянерамі”

OLYMPUS DIGITAL CAMERA  Пенсійнае забеспячэнне з’яўляецца важнейшай часткай сацыяльнай абароны сталых і непрацаздольных людзей. У Беларусі сярод працоўных пенсій вылучаюць пенсіі па ўзросце, па інваліднасці, у сувязі са стратай кармільца, за выслугу гадоў. Памер іх залежыць ад працягласці працоўнага стажу пры ўмове  ўплаты страхавых узносаў і заробка, з якога яны выплочваліся. Чым большы працоўны стаж і вышэйшы заробак да выхаду на пенсію, тым вышэй пенсія.

— Вось чаму так важна якасна падрыхтаваць дакументы перад выхадам на пенсію і перадаць іх у органы, якія прызначаюць пенсію, — тлумачыць Аляксандр Паўлоўскі, начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, з якім нядаўна мы мелі гутарку.

         — Як рыхтуюцца дакументы, неабходныя для прызначэння пенсіі? Хто гэтым займаецца?

         — У арганізацыях, на прадпрыемствах загадам кіраўніка вызначаюцца асобы, якія нясуць адказнасць за вядзенне і падрыхтоўку дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі. З пачатку года складаюцца спісы работнікаў, што налета дасягнуць пенсійнага ўзросту і набудуць права на пенсію. З гэтага моманту пачынаецца папярэдняя падрыхтоўка неабходных дакументаў, у тым ліку тых, што пацвярджаюць права на пенсію за працу ў асобых умовах, за выслугу гадоў. Іншы раз даводзіцца шукаць дакументы, рабіць запыты па ранейшым месцы працы. На падставе ўсіх сабраных дакументаў робіцца прадстаўленне ва ўпраўленне па працы для прызначэння пенсіі. Яно робіцца нават, калі дакументы сабраны не ў поўным аб’ёме. Астатнія перадаюцца на працягу месяца пасля атрымання паведамлення аб неабходнасці падачы дакументаў, якіх не хапае. Пасля гэтага робіц­ца пераразлік.

         — Ці ёсць у вашых спецыялістаў прэтэнзіі да якасці, паўнаты дакументаў, што прадстаўляюцца для прызначэння пенсіі?

         — Заяву аб прызначэнні працоўнай пенсіі работнікі, занятыя ў юрыдычных асоб, падаюць праз  работадаўцаў, непрацуючыя, члены сялянскіх фермерскіх гаспадарак, індывідуальныя прад­прымальнікі — праз наша ўпраўленне.

За 5 месяцаў бягучага года нам паступіла 179 заяў з камплектамі дакументаў, неабходных для прызначэння пенсіі, у тым ліку 131 (73%) — ад работадаўцаў. З гэтай колькасці ў поўным аб’ёме дакументы паступілі ў 115 выпадках (88%). Летась у поўным аб’ёме работадаўцы дакументы прадаставілі ў 78%.

         Калі гаварыць больш канкрэтна, то прэтэнзій да дакументаў для прызначэння пенсій спецыялісты ўпраўлення не маюць да Багушэўскай абласной туберкулёзнай бальніцы, Сенненскага ПМС, ДРБУ-146, ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс», РУПС. У той жа час не ў поўным аб’ёме неабходныя дакументы паступаюць з ААТ «Студзёнка», РУП ЖКГ, некаторых іншых арганізацый.

         — Чаму так адбываецца? Спецыялістам названых устаноў, якія адказваюць за вельмі важны ўчастак працы, не хапае кваліфікацыі, адказных адносін да сваіх службовых абавязкаў? Хто павінен кантраляваць іх працу?

         — Спецыялістамі ўпраўлення для паляпшэння работы па пенсійным забеспячэнні праводзіцца індывідуальная стажыроўка прадстаўнікоў работадаўцаў. Толькі сёлета яна праведзена з 29 асобамі. Акрамя таго, прайшоў адзін семінар, разасланы інфармацыйныя пісьмы па актуальных праблемах. Летась падобных мерапрыемстваў было праве­дзена яшчэ больш.

         Рэгулярна наладжваюцца праверкі. У 2014 го­дзе спецыялісты ўпраўлення пабывалі ў 11 арганізацыях, дзе праверылі наяўнасць лакальных нарматыўных дакументаў і работу з імі. Працуем у гэтым напрамку і сёлета. У саўгасе імя Машэрава, РУП ЖКГ, райспажыўтаварыстве, ААТ «Студзёнка», ДРБУ-146, Сенненскай ЦРБ, УП «Дружбінец» вывучаны стан работы па папярэдняй падрыхтоўцы дакументаў для прызначэння пенсій. Самыя сур’ёзныя парушэнні выяўлены ў ААТ «Студзёнка». А таму ў сельгасарганізацыі працуе новы спецыяліст. Яму аказана неабходная метадычная дапамога.

         — Раскажыце пра самыя распаўсюджаныя памылкі, пра недапрацоўкі, якія ўплываюць на памер пенсіі…

         — Закон «Аб пенсійным забеспячэнні» дазваляе жанчынам, якія працуюць даяркамі, цялятніцамі, аператарамі па доглядзе свіней, пайсці на пенсію датэрмінова — у 50 гадоў  — у сувязі са шкоднымі ўмовамі працы пры стажы ўказанай работы не менш 20 гадоў і пры ўмове выканання норм абслугоўвання, што, пачынаючы з 1991 года, па­цвярджаецца нормамі пяр­вічнага ўліку. Пры адсутнасці неабходных дакументаў вышэйназваныя катэгорыі работніц губляюць права на датэрміновы выхад на пенсію. Так здарылася, у прыватнасці, з адной работніцай саўгаса імя Машэрава, якая з 1986 года па 2014 год працавала свінаркай.

         Нявыплата страхавальнікам страхавых узносаў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва ўплы­вае на памер пенсій, бо перыяды, у якія страхавыя ўзносы не рабіліся, работніку ў працоўны стаж не залічваюцца. Асноўнымі неплацельшчыкамі з’яўляюцца сельгасарганізацыі. Праўда, запазычанасць большасці гаспадарак, якія былі далучаны да іншых, пагашаецца. А вось работнікі ліквідаваных прадпрыемстваў, такіх як СВК «Ударнік», СВК «Папоўка», ПП «Григторгстрой» панясуць страты.

         — Зараз падобныя сітуацыі магчымы?

         — За пералічэннем стра­хавых узносаў сочыць Фонд сацыяльнай абароны насельніцтва. Сам работнік таксама не павінен быць староннім наглядальнікам. Нас больш трывожыць той факт, што работадаўцы пры прыёме ці звальненні пенсіянераў несвоечасова пра гэта паведамляюць. У выніку сума пенсіі налічваецца няправільна. Пасля правядзення праверак даводзіцца рабіць пераразлік, што ўспрымаецца пенсіянерамі даволі хваравіта. Нашым работнікам нярэдка даводзіцца прымаць удзел у судовых працэсах, калі людзі спрабуюць аднавіць працоўны стаж, факты атрымання заробку. Летась мы ўдзельнічалі ў 19 судовых пасяджэннях. Чаму я прыводжу падобныя факты? Ды таму, што кіраўнікам, спецыялістам  трэба больш адказна ставіцца да вядзення дакументаў, іх захавання, каб пры выхадзе на пенсію ў работнікаў не ўзні­калі праблемы. Каб самім не аказацца ў такой жа сітуацыі — усе мы некалі станем пен­сіянерамі.

Гутарыў

Аляксандр ЛАЗЮК.

 

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *