В Сенненской районной библиотеке прошла презентация книги Александра Барановского «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі».

11 Чытальная зала цэнтральнай раённай бібліятэкі ледзь умясціла ўсіх,  хто прыйшоў на сустрэчу з Аляксандрам Бараноўскім, маладым гісторыкам, краязнаўцам, аўтарам кнігі «Полымя (Беліца): гісторыя маёнтка і вёскі».

Выданне хутка займела папулярнасць у сенненцаў. На жаль, з-за невялікага тыражу не ўсе жадаючыя змаглі набыць кнігу. Прэзентацыя, якая днямі прайшла ў Сенненскай ЦРБ, стала добрай нагодай бліжэй пазнаёміцца з выданнем, пагартаць яго старонкі, пагутарыць з даследчыкам. Для зручнасці ў зале ўсталявалі мультымедыйны экран, на якім у суправаджэнні каментарыя аўтара дэманстраваліся вытрымкі з кнігі.

         У апошні час студэнту 5-га курса гістарычнага факультэта Віцебскага дзяржуніверсітэта імя П.М.Машэрава не ў навінку выступаць перад аўдыторыяй ды раздаваць аўтографы. Прэзентацыі яго даследчай работы прайшлі ў роднай  alma mater, Віцебскай абласной бібліятэцы імя Леніна. І вось  кніга, нарэшце, прыбыла на малую радзіму аўтара — Сенненшчыну.

         Падтрымаць Аляксандра прыйшлі яго родныя — бацькі Віктар Леанідавіч і Людміла Віктараўна Бараноўскія, родны дзяцька, старшыня Нямойтаўскага сельвыканкама Анатоль Леанідавіч Бараноўскі, які і выдаткаваў сродкі на выданне кнігі. Сярод прысутных былі людзі, дзякуючы якім цікаўнасць да гісторыі сваёй малой ра­дзімы, якая ўзнікла ў хлопца яшчэ ў школьныя гады, перарасла ў прафесійны інтарэс. Гэта настаўнікі СШ №1 г.Сянно Святлана Яроменка, Людміла Кіслякова, мясцовы краязнаўца Васіль Бандарэвіч, які з гонарам называе Аляксандра сваім калегам. Высокую ацэнку работа Бараноўскага атрымала і ад кіраўніцтва раёна. Падзяку за подпісам старшыні раённага выканаўчага камітэта Васіля Чарадніка маладому сенненцу ўручыла яго намеснік Зоя Фаміна. Памятны падарунак і кветкі паднёс начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Сяргей Мяцеліца. З падзякай у адрас аўтара кнігі выступіў старшыня Беліцкага сельвыканкама Сяргей Галынчык. 

         Сярод удзельнікаў сустрэчы былі ўра­джэнцы Беліцкага сельсавета. Яны падзяліліся сваімі ўспамінамі пра мястэчка і распыталі аўтара наконт праўдзівасці легенд пра Беліцкі маёнтак і яго гаспадароў. Самыя вядомыя звязаны са скарбам паноў Свяцкіх і падземнымі хадамі палаца.

         Па словах Аляксандра Бараноўскага, у гісторыі Беліцы яшчэ хапае белых плям. Новыя звесткі пра населены пункт малады даследчык працягвае знаходзіць і пасля выдання кнігі. Так, адной з апошніх  знаходак Аляксандра стаў план дамініканскага касцёла, што стаяў у Беліцы ў ХVІІ стагоддзі і на месцы якога ў другой палове ХІХ ст. быў узведзены палац.

Стан і лёс помніка архітэктуры стаў падметам сур’ёзнай і нават дыску­сійнай гутаркі. Запаветная мара Аляксандра Бараноўскага — цалкам адноўлены сядзібны комлекс. Але куды больш важна, на яго думку, не проста аднавіць палац, а зрабіць яго жыццядзейным, прыбытковым,  на што спатрэбяцца істотныя фінансавыя ўліванні. Як варыянт, можна аднавіць больш менш захаваную частку палаца, а менавіта двухпавярховую вежу, дзе б мог размясціц­ца музей мястэчка.  Папярэдні вопыт з інвестарамі, на жаль, не прынёс жаданага выніку. Тым не менш пошук крыніц фінансавання трэба актывізаваць. Як кажуць, што маем — не захоўваем, а страціўшы… Для рэгіёна небагатага на славутасці страціць помнік такога значэння — недапушчальная раскоша.

Вольга БАНДАРЭВІЧ.