На гарадскім стадыёне адбыўся матч паміж сенненскім «Камунальнікам» і дубровенскім «Дняпром»

ГС Добрая магчымасць адкрыць лік у матчы з’явілася ў гасцей на 13-й хвіліне першага тайма, калі ў вароты сенненцаў прызначылі пенальці. Галкіперу нашай каманды Сяргею Астраўнёву ўдалося адбіць удар з адзінаццацімятровай адзнакі. У першым тайме сапернікі стварылі яшчэ некалькі нервовых момантаў, але на перапынак каманды пайшлі з «сухім» лікам.

У другім тайме дакладным ударам са штрафнога Віктар Фрызель з «Камунальніка» адкрыў лік гульні — 1:0. Футбалісты «Дняпра» больш і не стварылі галявых момантаў. У сваю чаргу, сенненец Юрый Осіпаў дакладным ударам у вугал варот «дняпроўцаў» павялічыў лік да 2:0.

Азнаёміцца з падрабязнымі вынікамі матчаў з удзелам сенненскай каманды можна на сайце раённага выканаўчага камітэта ў раздзеле «Сацыяльная сфера» — Фізічная культура і спорт — Галоўнае меню (злева) — ФК «Камунальнік». Або ў сацыяльнай сетцы Вконтакте ў групе ФК «Сенно».                                             Наш кар.