Инспектор труда: чаще всего сенненцы жалуются на невыплату зарплаты
За апошнія тры месяцы мінулага года Лепельскім міжраённым аддзелам Віцебскага абласнога ўпраўлення Дэпартамента дзяржаўнай інспекцыі працы на прадпрыемствах Сенненскага раёна праведзены чатыры праверкі, у тым ліку дзве пазапланавыя, на падставе пісьмовага звароту фізічнай асобы і па заяве суб’екта гаспадарання. Выяўлена 42 парушэнні, выдана два прадпісанні на ўхіленне 20 парушэнняў працоўнага заканадаўства. Хто запрасіў інспектараў працы на сваё прадпрыемства сам, работнікі якой арганізацыі звярнуліся ў інспекцыю ў сувязі з парушэннем іх законных правоў, а куды спецыялісты з Лепеля наведаліся па ўласнай ініцыятыве, расказвае Алег Курцаў, інспектар працы.
— Алег Леанідавіч, на якіх прадпрыемствах з правераных больш за ўсё выяўлена парушэнняў? Чым гэта тлумачыцца?
— У прыватным вытворчым унітарным прадпрыемстве «Борнас» праводзілася планаваная праверка. Гэта значыць, што пра яе ведалі задоўга да пачатку, павінны былі рыхтавацца. Тым не менш у час праверкі выяўлена 23 парушэнні. У ліку самых грубых — адсутнасць правілаў унутранага распарадку, інструкцый для пасадавых асоб, функцыянальных абавязкаў для работнікаў. Іх, дарэчы, пры прыёме на працу нават не знаёмяць з умовамі і аплатай працы, не тлумачаць правы і абавязкі. Дапушчаны парушэнні пры запаўненні працоўных кніжак работнікаў, перыядычнасці выплаты заработнай платы (радзей двух разоў на месяц), што недапушчальна ў адпаведнасці з працоўным заканадаўствам. У выніку ўпаўнаважаная пасадавая асоба наймальніка прыцягнута да адміністрацыйнай адказнасці ў выглядзе штрафу.
— Што прывяло інспектараў працы ў дзяржаўнае прадпрыемства ПМК-64? Ведаю, што там вы пабывалі не з планавай праверкай…
— У Лепельскі міжраённы аддзел звярнуўся былы работнік будаўнічага прадпрыемства ў сувязі з несвоечасовай выплатай заробку. Да таго ж пасля звальнення яму не выдалі канчатковы разлік. Пры правядзенні праверкі былі выяўлены і іншыя парушэнні, за што адміністрацыя прадпрыемства прыцягнута да адказнасці ў выглядзе штрафу.
— Ці часта і з якімі праблемамі да вас звяртаюцца жыхары Сенненскага раёна?
— Найчасцей людзі пішуць у сувязі з нявыплатай заработнай платы. Такія пісьмы былі адрасаваны нам з саўгаса імя Данукалава, ПМК-64. Акрамя таго за несвоечасовую выплату работнікам зарплаты штрафы накладваліся на акцыянерныя таварыствы «Сенненскі райаграсэрвіс», «Ульянавічы», «Белая Ліпа», «Сінягорскае», «Пурплева», «Бяленева», УП імя Гараўца, Сенненскае ПМС і іх кіраўнікоў. Людзі звярталіся ў сувязі са зменамі наймальнікам умоў працы без папярэджання, парушэннем парадку спынення працоўных дагавораў. Як правіла, усе факты і парушэнні, выкладзеныя ў зваротах, пацвярджаюцца.
Мы правялі аналіз зваротаў з Сенненскага раёна. Ён сведчыць аб нізкай растлумачальнай рабоце па працоўным заканадаўстве, якая павінна праводзіцца пасадавымі асобамі на прадпрыемствах і ўстановах. Мае месца недастатковы ўзровень ведаў працоўнага заканадаўства спецыялістамі бухгалтэрыі і кадравых службаў. Менавіта таму сёлета запланавана правесці ў Сянно семінар па заканадаўстве аб працы.
— На прыватным гандлёва-транспартным унітарным прадпрыемстве «Озер» (г.п. Багушэўск) вы пабывалі па ініцыятыве яго заснавальнікаў. Пракаменціруйце гэты факт.
— Я б назваў яго станоўчым і дальнабачным. Па выніках праверкі мы выдалі прадпісанне на ўхіленне выяўленых парушэнняў заканадаўства аб працы, але без штрафных санкцый. Праверка многаму навучыла работадаўцу, дапаможа ўхіліць недапрацоўкі, а галоўнае паслужыць папярэджанню магчымага ўзнікнення канфлікту паміж работнікамі і работадаўцай, уладнымі структурамі і работадаўцай. На мой погляд, менавіта так павінны дзейнічаць усе ўпаўнаважаныя асобы дзяржаўных і прыватных прадпрыемстваў. Асабліва там, дзе кіраўнікамі прызначаюцца новыя людзі, пры ўзнікненні новых прадпрыемстваў.
Гутарыў Аляксандр ІЎЕЎ.