Па прыкладу жыццялюбства…

1Уражвае энергія і энтузіазм, з якімі ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці нашы землякі. Адна з такіх актывістак — Галіна Шынкевіч, намеснік старшыні ветэранскай пярвічнай арганізацыі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

“Дзякуючы такім людзям, — гаворыць старшыня раённага Савета ветэранаў Ядвіга Сыраваткіна, — кожны дзень нясе пажылому чалавеку штосьці новае, цікавае, непаўторнае…”
Актыўна працуе Галіна Мікалаеўна з пенсіянерамі, арганізуе іх вольны адпачынак, мерапрыемствы. Асабліва старанна рыхтуюцца ў ветэранскай арганізацыі да Дня пажылых людзей. Свята заўсёды праходзіць з канцэртам і падарункамі. А яшчэ праводзяцца экскурсіі па гістарычных і культурных мясцінах Беларусі. Галіна Шынкевіч нават стварыла групу “Вандроўнікі”.
“Наша жыццё пралятае імгненна і марнаваць яго на пустыя размовы, сядзенне без справы я не магу”, — прызнаецца жанчына. — Кожны сам напаўняе зместам жыццё. А які ён будзе, гэты змест, залежыць толькі ад нас. Я лічу, што без рэгулярнага наведвання канцэртаў, музеяў, выстаў, кінатэатраў… нельга быць сучасным, культурным чалавекам”.
Галіна Мікалаеўна разам са сваімі сябрамі неаднойчы пабывалі на «Славянскім базары ў Віцебску», наведалі Нясвіжскі і Мірскі замкі, Сафійскі сабор, дэльфінарый, Нацыянальную бібліятэку, знакаміты Мосар, Віцебскі краязнаўчы музей, нават з’ездзілі на “Дажынкі” ў Гарадок. У бліжэйшых планах “вандроўнікаў” наведаць музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Стала добрай традыцыяй разам адзначаць юбілеі, ездзіць па грыбы, ягады з вясёлай музыкай, песнямі…
Хочацца адзначыць, што грамадскай работай ураджэнка вёскі Мажулева Галіна Шынкевіч займалася заўсёды. Падчас вучобы ў Пурплеўскай васьмігодцы была важатай у малодшых класах, старшынёй піянерскай дружыны. Заўсёды актыўна ўдзельнічала ва ўсіх школьных і раённых мерапрыемствах, піянерскіх злётах.
Пасля атрымання сярэдняй адукацыі паступала ў Віцебскі медыцынскі інстытут, але не прайшла па конкурсе, не хапіла балаў. Прыйшлося падаць дакументы ў Смальянскі аграрны тэхнікум. Там атрымала спецыяльнасць заатэхніка. Пачынала працу ў калгасе імя Чапаева. Кіраўніком на той час быў Леанід Пятровіч Цывінскі, які ва ўсім падтрымліваў і дапамагаў маладому спецыялісту. Потым была заатэхнікам у калгасах “Першае Мая”, “Барацьбіт” Аршанскага раёна. Але не прыняла сэрцам Галіна чужыя мясціны. Вярнуўшыся на Сенненшчыну, уладкавалася ў калгасе імя Леніна. Паступіла вучыцца завочна ў Горацкую сельскагаспадарчую акадэмію. Падчас працы ў калгасе таксама займала актыўную грамадскую пазіцыю: выбіралася дэпутатам сельскага і раённага Саветаў, старшынёй прафсаюзнай арганізацыі гаспадаркі.
Адказнага спецыяліста заўважылі ў раёне і запрасілі інструктарам у аргаддзел Сенненскага райвыканкама. Потым была пераведзена ва ўпраўленне па працы спецыялістам па сацыяльных пытаннях. У абавязкі Галіны Мікалаеўны ўваходзіла работа з ветэранамі Вялікай Айчыннай вайны, інвалідамі, аказанне ім адраснай сацыяльнай дапамогі, вядзенне матэрыялаў абследвання ўмоў жыцця ветэранаў і г. д.
— Асноўнае тут — праца з людзьмі, — гаворыць Галіна Мікалаеўна. — Трэба прызнацца, нялёгка было. Увогуле, калі прыходзіць пажылы чалавек, яму не так важна атрымаць адказы на свае пытанні, колькі выказацца самому, пагаварыць, распавесці аб праблемах… Трэба ўмець размаўляць з людзьмi, асаблiва са старымi, маючы пры гэтым велiзарнае цярпенне. Каб чалавек выходзiў з твайго кабiнета са спакойным сэрцам, без крыўды.
Побач з асноўнай працоўнай дзейнасцю, зноў жа, займалася і грамадскімі справамі: вяла Летапіс упраўлення, з’яўлялася членам раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын”, актыўна ўдзельнічала ў шматлікіх раённых мерапрыемствах, супрацоўнічала з “раёнкай”, нават пісала вершы і замалёўкі.
Гэтай жанчыне прывычна весці за сабой людзей. Наогул, яна “жанчына з характарам”. Так характарызуюць Галіну Шынкевіч яе равеснікі. Як потым нам паяснілі ў савеце ветэранаў, з характарам, значыць са сваёй пазіцыяй і маральнымі каштоўнасцямі.
— Адпрацаваўшы з людзьмі больш за дваццаць гадоў, адчуваю, што без зносін з імі ўжо не магу, — прызнаецца Галіна Мікалаеўна. — І, наогул, я лічу сябе шчаслівай жанчынай. У мяне сын і дачка, чацвёра ўнукаў, якіх я вельмі моцна люблю. Побач са мной каханы чалавек — мой муж Міхаіл, які падтрымлівае мяне заўсёды і ва ўсім. Дарэчы, нядаўна мы адсвяткавалі 40-годдзе сумеснага жыцця, так званае рубінавае вяселле.
Безумоўна, як і многія яе равесніцы, Галіна Мікалаеўна Шынкевіч магла б паглыбіцца ў дамашнюю гаспадарку: выпякаць пірагі, асвойваць розныя кулінарныя хітрасці. Ёсць у яе талент і да вязання. Вельмі любіць чытаць, асабліва творы на ваенную тэматыку. Аднак грамадскія клопаты ўсё ж такі Галіне Мікалаеўне Шынкевіч бліжэй.

Ларыса
МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ: Галіна Шынкевіч.
Фота
Ірыны ХАСАНАВАЙ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *