Крок на вялікія падмосткі

00000Фестываль дзіцячай творчасці “Ранішняя зорка” трывала прыжыўся ў нашым раёне. Сёлета ён праходзіў на Сенненшчыне ў васямнаццаты раз.

Актавая зала другой школы райцэнтра сабрала аматараў тэатральнай творчасці. Менавіта так называлася адна з намінацый дзіцячага фестывалю. У ёй прынялі ўдзел больш за 20 канкурсантаў з 12 устаноў адукацыі раёна, якія прадэманстравалі свае здольнасці да бадай самага старажытнага ў свеце мастацтва.
Сачыла за выступленнямі і ацэньвала канкурсантаў кампетэнтнае журы пад старшынствам Таццяны Кучынскай, намесніка дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 г.Сянно. Нягледзячы на тое, што ў зале сабраліся сапернікі, атмасфера панавала цёплая і сяброўская. Удзельнікі конкурсу падтрымлівалі канкурэнтаў падбадзёрваючымі апладысментамі.
Усе дзеці, і малодшыя, і старэйшыя, стараліся пакарыць строгае журы сваім талентам, шчырасцю і абаяннем. З глядзельнай залы юным артыстам дапамагалі іх педагогі.
0Першая частка конкурснай праграмы ў гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне складалася з твораў, прысвечаных ваеннаму подзвігу. Тут сваім нумарам зацікавіла канкурсантка з Беліцкай школы Вольга Звярковіч. Дзяўчынка прысвяціла выступленне воінам-афганцам, у тым ліку свайму дзядзьку Аляксандру Звярковічу, які загінуў у Афганістане, выконваючы інтэрнацыянальны абавязак. Аўтарскі верш “Пажоўклае пісьмо” вучаніцы Багушэўскай СШ №1 Яніны Яськінай прагучаў як напамін сучаснікам, асабліва маладому пакаленню нашай Айчыны, пра тых, хто не вярнуўся з самай страшнай у свеце вайны.
У іншым амплуа выступілі ўдзельнікі аб’яднання па інтарэсах “Сцэнічнае майстэрства” Сенненскага цэнтра дзяцей і моладзі. Дзяўчаты прадставілі гульнявы канферанс. Літаратурныя і прыдуманыя персанажы Пэпі Доўгая Панчоха, Вяснушка, Шкодніца-Капрызніца, Банцік ад душы павесялілі гледачоў.
0000Расчуліла і замілавала выступленне Лізы Хмяльковай з Яноўскай школы, якая пранікнёна расказала пра сяброўства матылька і кветачкі, што скончылася трагічна. У зімовы лес запрасіла прысутных і зачаравала прыгажосцю прыроды канкурсантка з СШ №1 г.Сянно Анастасія Баравік.
Навучэнец Цэнтра дзяцей і моладзі Даніла Ферфецкі сваім выступленнем выклікаў непадробную цікавасць слухачоў да падзей, што разгортваліся ў вершы “Скрыпач”.
Году Моладзі прысвяціў выступленне на фестывалі Арцём Закрэўскі з Какоўчынскай школы, які прачытаў верш Р.Раждзественскага “Равеснікам”. Затаіўшы дыханне, слухалі прысутныя пяшчотны аповед пра вёску ў выкананні вучаніцы Студзёнкаўскай школы Кацярыны Гарнак “Мая вёска”. Цімафей Кандратаў з Машканскай ДССШ выбраў для ўдзелу ў конкурсе верш У.Высоцкага “Я не люблю”, які прагучаў у выканнні хлопца не менш пераканаўча, чым у аўтарскім выкананні вядомай песні.
Са слязамі на вачах слухала зала верш “Маці”, прачытаў які выхаванец Сенненскай школы-інтэрната Кірыл Дзясятнікаў. Павел Вараб’ёў, навучэнец гэтай жа ўстановы, шчыра заклікаў даражыць шчасцем, берагчы і цаніць яго.
00Жартоўным вершам “Геаграфія ўсмятку” падняла настрой дарослым і дзецям вучаніца Багушэўскай СШ №1 Яўгенія Яскевіч. Гумарэскай “Са школьнага жыцця” павесяліў канкурсант са Студзёнкаўскай школы Раман Хамянкоў.
З вершам “Ходит наша бабушка, палочкой стуча” ўдала дэбютавала Валерыя Берашэвіч, прадстаўніца Сенненскага ЦДіМ.
Карына Антонава і Сняжана Люцікава, удзельніцы тэатра “Каларыт” Машчонскай школы, у сцэнцы-разважанні “Что за дети нынче, право?”, спрабавалі зразумець клопаты матуль і “вырашыць” дэмаграфічныя праблемы грамадства.
Добрым вершам “Птушка шчасця” завяршыла праграму вучаніца Машканскай школы Вікторыя Замасціновіч, таму кожны пакідаў мерапрыемства з цвёрдай упэўненасцю, што “верыць трэба ў шчасце сваё”.
000Расказаць пра ўсіх удзельнікаў намінацыі “Тэатральная творчасць”, на жаль, не дазваляе абмежаваная газетная плошча. А прафесійную ацэнку выступленням дало журы конкурсу (вынікі будуць апублікаваны ў наступных нумарах “ГС”).
Магчыма раённы дзіцячы фестываль дапаможа камусьці знайсці шлях у прафесійным жыцці і нават стаць сапраўднай зоркай вялікай тэатральнай сцэны.
Таццяна
Буракова.
На здымках: выступаюць удзельнікі намінацыі “Тэатральная творчасць” фестывалю “Ранішняя зорка-2015”.

Фота аўтара.