Ночь, полную сюрпризов, готовят сенненские музейщики

Год гасціннасці цв.З 16 па 19 мая ў музейных установах Беларусі пройдзе штогадовая акцыя «Ноч музеяў», прымеркаваная да Міжнароднага Дня музеяў. Традыцыйнай яна стала і для Сенненскага гісторыка-краязнаўчага музея. У сёлетнюю «музейную ноч», якая адбудзецца 16 мая ў 17.30, яго работнікі рыхтуюць для наведвальнікаў нямала сюрпрызаў. Напярэдадні падзеі мы сустрэліся са старшым навуковым супрацоўнікам раённага музея Ганнай Цімашэнка і даведаліся пра падрабязнасці.

— Раскажыце, калі ласка, пра гэту акцыю.

— Упершыню «Ноч музеяў» прайшла ў Берліне ў 1997 годзе. А ў 1999-ым уся Еўропа падхапіла ідэю. Сёння гэта міжнародная акцыя аб’ядноўвае 42 еўрапейскія краіны. Амаль 2000 музеяў свету раз у год не спяць, каб адкрыць свае дзверы для ўсіх, каму цікава ўбачыць музейнае жыццё ў непрывычны час сутак. Беларусь далучылася да акцыі ў 2005 годзе. Летась больш за 100 устаноў культуры рэспублікі правялі «Ноч музеяў».

Асноўная мэта акцыі — паказаць магчымасці, патэнцыял сучасных музеяў, прывабіць у музеі як мага больш наведвальнікаў, найперш моладзь.

— Калі яе ўдзельнікам стаў Сенненскі музей?

— Раённы гісторыка-краязнаўчы музей далучыўся да акцыі ў 2011 годзе. Сёлета яна будзе праходзіць на Сенненшчыне ў чацвёрты раз. Тэматыка заўсёды розная. Напрыклад, 2011-ы адзначыўся прэзентацыяй аўтэнтычнага шлюбнага абраду «Вясельны абрад на Сенненскі лад». У 2012-м у час мерапрыемства «Музыка начнога музея» прэзентавалася персанальная выстава члена Беларускага Саюза мастакоў, нашага земляка Мікалая Драненкі. Летась праходзіў «Этнаграфічны марафон»(на здымку), у якім удзель­нічалі майстры народнага клуба «Натхненне». Дарэчы, апошнія наведвальнікі ў той вечар выйшлі з музея ў 22.30.

—  Што цікавага рыхтуе музей на гэты раз?

— Па-першае, мы хочам здзівіць новымі і нетрадыцыйнымі формамі працы музея. Жыхары раённых гарадоў і мястэчак не заўсёды маюць магчымасць наведаць тэатр. Таму сёлета музей у супрацоўніцтве з народным тэатрам Багушэўскага ГДК (да слова, створаным у далёкім 1929 годзе) і драматычным гуртком пры Краснасельскім сельскім клубе звярнуўся да тэатральнай тэматыкі. Музейнае свята будзе прысвечана 70-годдзю вызвалення раёна і Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Дзякуючы тэатральным пастаноўкам нашы наведвальнікі змогуць уявіць сабе да дробязей ваенныя падзеі.

Па-другое, нядаўна ў раёне адбыўся конкурс патрыятычнай песні сярод працоўных калектываў, прысвечаны той жа вялікай падзеі. Яго ўдзельнікі запрошаны на музейнае свята. У іх выкананні прагучаць песні ваеннай тэматыкі. Але гэта яшчэ не ўсе сюрпрызы «ночы». Наведваль­нікі змогуць пазнаёміц­ца з выставай «Мы ідзём дарогамі вайны» і ўбачыць спецыяльны праект «Зброя Перамогі», падрыхтаваны сумесна з вучнямі і настаўнікамі ДУА «Сярэдняя школа №2 г.Сянно». А яшчэ можна будзе пачуць і паспяваць песні ваенных часоў пад сапраўдны патэфон 1956 года выпуску.

— А што вы прапануеце дзіцячай аўдыторыі?

— Для школьнікаў прадугледжана дзённая праграма. Сёлета падрастаючае пакаленне чакае пазнавальная і цікавая экскурсія па выставе, дзе яны змогуць даведацца пра ваенныя падзеі на тэрыторыі Сенненшчыны і нават патрымаць у руках муляжы зброі часоў Вялікай Айчыннай.

— Як патрапіць на «Ноч музеяў»?

— Можна набыць уваходны білет, яго кошт складае 5000 рублёў. Час наведвання неабмежаваны. Ці скарыстацца альтэрнатывай — прыняць удзел у акцыі «У дар музею». Жадаючыя могуць перадаць у гэты дзень музею які-небудзь прадмет музейнага значэння: прадметы побыту, інтэр’ера, вопратку, посуд і іншыя рэчы XX стагоддзя (да 80-х гадоў). У такім выпадку ўваход у музей на ўсе мерапрыемствы будзе бясплатным. Пра падрабязнасці акцыі можна таксама даведацца на афіцыйным сайце Сенненскага раённага выканаўчага камітэта.

Напрыканцы заўважу, што закончыцца «музейная ноч» у 22.45 акцыяй «Праспяваем ваенныя песні разам». Прыходзьце, будзе цікава.

Гутарыла

Вольга БАНДАРЭВІЧ.