Байкеры нанясуць «мотаўдар» у Сянно
«Мотаўдар», які летась байкеры нанеслі ў гонар буйнейшай у гісторыі Вялікай Айчыйнай вайны танкавай бітвы, што адбылася ў ліпені 1941 года пад Сянном, паўтарыцца. Мяркуецца, удзел у ім прымуць не толькі прадстаўнікі байкерскай супольнасці Віцебшчыны і Беларусі, Расіі і Украіны, але і дальняга замежжа.
Як лічыць Алег Усціновіч, адзін з арганізатараў «Мотаўдару», байкер са стажам і наш зямляк, «мы павінны ведаць сваю гісторыю, несці праўду пра апошнюю вайну». У гэтым яго падтрымлівае аддзел па справах моладзі аблвыканкама. У афіцыйнай гісторыяграфіі, па-ранейшаму бытуе меркаванне, што галоўная танкавая бітва апошняй еўрапейскай вайны адбылася пад Прохараўкай.
Праграма сёлетняга «Мотаўдару», якая атрымала назву «Супрацьстаянне», у Сянне пачнецца ў суботу ў 12 гадзін на цэнтральнай плошчы. Яна складаецца з ездавой конкурснай праграмы, паказальных выступленняў стантрайдэраў (каскадзёраў) з Гомеля, шоу-балета «Сенсацыя» з Віцебска. Пасля 15.00 байкеры накіруюцца на Бярозкаўскае возера, дзе будзе арганізавана конкурсна-забаўляльная праграма, рок-канцэрт, які завершыцца грандыёзным феерверкам, лазерна-піратэхнічным шоу «Прывідны гоншчык».