На варце з чатырохлапай напарніцай
На службе ў Сенненскім аддзяленні Дэпартамента аховы МУС РБ знаходзіцца 5 нямецкіх аўчарак: тры — у Сянне, дзве — у г.п.Багушэўск.
Дзяніс Дзергачоў, міліцыянер-кінолаг групы затрымання Сенненскага аддзялення Дэпартамента аховы, па доўгу службы і па сваім унутраным перакананні цвёрда ўпэўнены: сабака — адданы сябар чалавека.
«Апроч таго, у сілавых структурах чацвераногага супрацоўніка не заменяць нават дасягненні тэхнічнага развіцця», — дадае малады чалавек.
І на самой справе, разумны сабака і граматны спецыяліст-кінолаг разам могуць зрабіць шмат.
Дзяніс працуе ўсяго паўтара года. У яго абавязкі ўваходзіць ахова аб’ектаў, задача яго чорна-рыжай напарніцы па мянушцы Кора — пры неабходнасці аператыўна ўзяць след злачынца. За адносна непрацяглы перыяд чалавек і жывёла змаглі зарэкамендаваць сябе як адзіная мабільная каманда.
З Корай ён не расстаецца ні на хвіліну. Сабака жыве ў Дзяніса дома, у спецыяльным вальеры, таму на працу і з працы яны спяшаюцца разам.
Дзяніс з дзяцінства любіў сабак. Яшчэ калі праходзіў службу ва ўнутраных войсках, для сябе вызначыў, што абавязкова звяжа будучую працу з гэтымі разумнымі жывёламі. Нямецкая аўчарка Кора стала першай вялікай пакупкай маладога чалавека.
«Хацелася рабіць штосьці карыснае для майго горада, землякоў, — прызнаецца Дзяніс. — А пасада міліцыянера-кінолага дала магчымасць і ахоўваць спакой сенненцаў, і займацца любімай справай — працаваць з сабакам».
Сям’я Дзяніса не была супраць выбару сына. Дарэчы, яго бацька, Віктар Мартынавіч Дзергачоў, некалькі гадоў узначальваў раённы аддзел унутраных спраў, мае вялікі вопыт працы ў міліцыі і добра разумее, наколькі нялёгкая гэта справа.
Разам з Корай Дзяніс прайшоў курс вучобы ў кіналагічным цэнтры ў Віцебску. Сваё першае «баявое хрышчэнне» Кора атрымала ў пошуку зніклых хатніх катоў. А месяцаў пяць назад даказала ўсёй аператыўнай групе, што здатная і для больш сур’ёзных заданняў. Аўчарка дапамагла затрымаць злачынца, які абрабаваў кватэру. «Пачуццё гордасці тады ахапіла мяне за праведзеную Корай працу, — прызнаецца Дзяніс. — Адначасова было прыемна ўсведамляць, што і мае штодзённыя трэніроўкі з ёй не прайшлі дарэмна».
На пытанне, што галоўнае ў працы з чатырохлапым таварышам, Дзяніс шчыра адказаў: цярпенне, бо, каб жывёла разумела гаспадара, патрэбны не тры дні. Працаваць давядзецца шмат, галоўнае, верыць у свайго сабаку і рабіць усё магчымае, каб ён, у сваю чаргу, давяраў вам.
Ала ЯКАЎЛЕВА.