90-гадовы дзень нараджэння ад¬значыла жыхарка в.Вялікі Азярэцк Багданаўскага сельсавета Сенненскага раёна Анастасія Сямёнаўна Камандзірава

DSCN0050Павіншаваць юбілярку прыйшлі не толькі блізкія ёй людзі. З песнямі і добрымі словамі завіталі артысты народнага ансамбля «Вечарынка» раённага Дома культуры, чым была вельмі ўражана імянінніца. 

Расчуленая гаспадыня дома пыталася сама ў сябе і ў тых, хто быў побач: «Чым заслужыла столькі ўвагі? Жыццё маё звычайнае, нічым не адметнае».

Нарадзілася Анастасія Сямёнаўна ў Вялікім Азярэцку. У яе бацькоў было 9 дзяцей. Яна — самая старэйшая. А старэйшым, вядома, і працаваць даводзілася больш. З малых гадоў дапамагала па гаспадарцы, даглядала малодшых братоў і сясцёр.

Скончыўшы тры класы, кінула школу. «Не паспявала адначасова вучыцца і рабіць з дарослымі», — успамінае доўгажыхарка.

Падлеткам дапамагала бацьку ў полі як сталы работнік. Да вайны працавала ў калгасе «Чырвоная Гара». За высокія паказчыкі ў жывёлагадоўлі Насцю дэлегіравалі на выставу дасягненняў народнай гаспадаркі ў Маскву.

Калі пачалася вайна, сям’я засталася ў роднай вёсцы. Было цяжка, не хапала ежы. Бацька не даядаў, аддаваў апошні хлеб дзецям. Хутка ён памёр ад голаду. У пачатку 1944 года Анастасію Сямёнаўну разам з іншай моладдзю немцы забралі ў Германію. У горадзе Мюнстар працавала прыслугай у доме Юзэфа Кінеброка. Гаспадар быў добрым чалавекам, ніколі не павышаў голасу, з разуменнем адносіўся да дзяўчыны.

Пасля капітуляцыі Германіі, літаральна з першымі эшалонамі салдат, якія накіроўваліся ў Савецкі Саюз, Анастасія Сямёнаўна вярнулася на радзіму. І ўжо ў першыя дні ўлілася ў вясковае жыццё — стала актыўнай удзельніцай адра­джэння калгаса ў родным Вялікім Азярэцку.

У 1957 годзе выйшла замуж за мясцовага хлопца Івана. Адзін за адным пачалі нараджацца дзеці.

Сёння, аглядаючыся ў мінулае, Анастасія Сямёнаўна са слязамі на вачах гаворыць, што лёс яе ніколі не балаваў. З маленства зведала колькі сіл патрэбна, каб заробіць на хлеб. У юнацтве, знаходзячыся на работах у Германіі, кожны дзень жыла ў жаху быць  пахаванай на чужыне. У дарослым жыцці чарговым выпрабаваннем стала смерць мужа. Анастасія Сямёнаўна засталася адна з чатырма дзецьмі. Не паддаючыся жыццёвым нягодам, яна выхавала іх годнымі людзьмі. Сёння яны даглядаюць сваю старую маці.

У гасцінны дом бабулі Насці, хоць і не так часта, але прыязджаюць яе пяцёра ўнукаў, якіх яна памятае пайменна, заўсёды з нецярпеннем чакае.

Ала ЯКАЎЛЕВА.

На здымку: А.Камандзірава з удзельнікамі «Вечарынкі»