Пераадольваючы боль

p12-11Паўлу Пазняку — 21. Біятлонам займаецца 14 гадоў. За гэты час не раз станавіўся чэмпіёнам і прызёрам розных спаборніцтваў у Беларусі, у саставе зборных каманд паспяхова выступаў на міжнароднай арэне. Але на гэтым шляху былі не толькі трапныя стрэлы, хуткі бег  па лыжні…

У верасні 2009 года разам з іншымі членамі юнацкай зборнай перад паездкай на падрыхтоўчыя зборы ў Фінляндыю Павел трэніраваўся ў Раўбічах на лыжаролернай трасе.
Заняткі падыходзілі да завяршэння. На спуску хлопец набраў добрую хуткасць, калі раптам насустрач выкацілася дзяўчынка…  Каб пазбегнуць сутыкнення, Павел змяніў траекторыю руху. Ударыўшыся галавой аб бетоннае збудаванне, вылецеў без прытомнасці за трасу. Чэрапна-мазгавая траўма была настолькі сур’ёзнай, што ўрачы  апасаліся за жыццё юнага спартсмена, а ён, як толькі апрытомеў пасля аперацыі, перш за ўсё пацікавіўся: «Я змагу займацца спортам?»
Біятлон вымагае вялікіх нагрузак. І прагноз медыкаў быў досыць песімістычны. Праўда, былі  і тыя, хто верыў — арганізм спартсмена справіцца з траўмай. А галоўнае, Павел у шчаслівай спартыўнай будучыні не сумняваўся. Пасля бальніцы вярнуўся ў Сянно, у лістападзе прыступіў да трэніровак. Самастойна, бо ні медыкі, ні трэнеры Віцебскай школы алімпійскага рэзерву не сталі рызыкаваць. Паўла не ўзялі на зборы «на снег». На спаборніцтвах, якія прайшлі пасля вяртання каманды, ён  выступаў неафіцыйна. І паказаў  лепшы вынік.
Новыя спаборніцтвы пацвердзілі — Павел Пазняк застаецца ў ліку самых перспектыўных маладых беларускіх біятланістаў. Ён уваходзіць у састаў юніёрскай зборнай, з зімы спадзяецца выступаць за дарослую каманду.
«Біятлон, па-ранейшаму, займае  значнае месца ў маім жыцці. Але з’явіліся і іншыя прыярытэты», — не хавае Павел.
Яны маюць дачыненне да яго асабістага жыцця. Павел ажаніўся. Яго выбранніцай стала юная расіянка з беларускімі каранямі. Жыць маладыя збіраюцца ў Беларусі і хадайнічаюць, каб атрымаць для яе від на жыхарства. А яшчэ Павел прыняў хрышчэнне, стаў прыхажанінам царквы «Надзея» евангельскіх хрысціян-баптыстаў.
«Бог не пакінуў мяне ў цяжкі перыяд жыцця. Калі будзе яго воля, то і ў спорце мне скарацца самыя высокія вяршыні», — лічыць ён. І працягвае ўпарта трэніравацца. Хоць асабістыя выдаткі на заняткі спортам узраслі — Павел завяршыў вучобу ў школе алімпійскага рэзерву і працягвае адукацыю ў Віцебскім дзяржаўным універсітэце.
На гэтых днях разам з камандай біятланістаў Віцебскай вобласці ён выпраўляецца на зборы ў Расію: Манчагорск, Мурманск, Петразаводск. Трэніроўкі на поўначы, дзе рана выпадае снег, дзе паніжанае ўтрыманне кіслароду ў паветры, вельмі неабходны біятланістам для падтрымання добрай фізічнай формы. Пазней, калі дазволіць надвор’е, Павел Пазняк збіраецца прыехаць у Сянно. Сінаі — выдатнае месца для трэніровак, для функцыянальнай падрыхтоўкі. Малады спартсмен гэта добра ведае з першых крокаў у біятлоне, якія рабіў пад апекай вядомага трэнера Валерыя Лектарава.
«У Сянне мне спакойна. Тут адпачываю душой, — дзеліцца Павел. — Заўжды сустракаюся са сваімі сябрамі, людзьмі блізкімі па духу, светаўспрыманні.  Пройдзены жыццёвы і спартыўны шлях успрымаю досыць крытычна — на ім былі памылкі. Але час іх выправіць у мяне ёсць».

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.
На здымку: Павел Пазняк.