Крок насустрач

DIGITAL CAMERA«Время жить… Четыре месяца спустя!» пад такой назвай у Багушэўску прайшоў «круглы стол», арганізаваны аддзяленнем сацыяльнай адаптацыі, рэабілітацыі і дзённага знаходжання для грамадзян сталага ўзросту і Багушэўскага пасялковага Савета дэпутатаў. Ён быў прысвечаны тэме жаночага алкагалізму.

Чатыры месяцы назад прадстаўнікі  розных службаў гарпасёлка ўжо збіраліся разам для абмеркавання гэтай праблемы. На сустрэчу запрашаліся і гора-жанчыны. Адкрытая размова, якая атрымалася ў мінулы раз, паклала пачатак доўгай сумеснай працы па адаптацыі і рэабілітацыі жанчын, якія трапілі ў палон «зялёнага змія».
Асноўная мэта «круглага стала» — аналіз праведзенай працы за чатыры месяцы. «Наколькі вынікова спрацавалі мы за гэты перыяд? Ці ў правільным накірунку рухаемся, дапамагаючы жанчынам?», — акрэсліла кола пытанняў Галіна Секачова, дырэктар Багушэўскага аддзялення сацыяльнай адаптацыі.
Невыпадкова дэвізам мерапрыемства сталі словы амерыканскай опернай спявачкі Беверлі Сіллз: «Если потерпите неудачу — будете огорчены; если опустите руки — обречены». Арганізатары «круглага стала» гэтымі словамі хацелі падштурхнуць запрошаных на размову жанчын не здавацца, а ўсімі сіламі мяняць сітуацыю, у якой яны апынуліся.
Удзел у размове прынялі Любоў Трубека, на той момант дзеючы старшыня Багушэўскага пасялковага Савета,  Тамара Смірнова, дырэктар ТЦСАН, Валянціна Мяцеліца, інспектар аддзялення сацыяльнай дапамогі на даму Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Сенненскага раёна, а таксама супрацоўнікі аддзялення сацыяльнай адаптацыі і рэабілітацыі.
Шэсць жанчын, якім патрэбна дапамога, не хавалі, што гатовы прыняць яе ў любой форме. Яшчэ зусім маладыя, многім нават няма і трыццаці гадоў, але ўжо паспеўшыя зведаць мацярынскую адзіноту. Некаторыя вярнулі малых, іншыя імкнуцца зрабіць гэта. Усе яны не хаваюць, што віною іх жыццёвых бед стала гарэлка. Сяброўская размова — менавіта такую атмасферу і хацелі стварыць арганізатары мерапрыемства  — выявіла, што жанчыны гатовы ісці далей. Але галоўным для іх на гэтым этапе з’яўляецца дапамога людзей, маральная падтрымка.
За ўвесь гэты час сумеснымі намаганнямі пасялковай улады, а таксама ТЦСАН Сенненскага раёна і пасялковага аддзялення рэабілітацыі, жанчынам і іх сем’ям была аказана гуманітарная і харчовая дапамога, праведзены частковы рамонт дамоў. Некаторым нават пасадзейнічалі ў вырашэнні жыллёвага пытання. У час акцыі «Лялька» сабраныя цацкі былі перададзены дзецям. Дзякуючы КУПБА «Прэстыж» і Сенненскаму райспажыўтаварыству вырашаны пытанні па працаўладкаванні. З боку псіхолагаў жанчынам заўсёды аказваецца падтрымка.
Сёння ўсе яны працуюць, імкнуцца  прытрымлівацца здаровага ладу жыцця. Палепшыліся іх унутрысямейныя адносіны.
Размова працягвалася каля дзвюх гадзін. Жанчыны дзяліліся сваімі, няхай маленькімі на іх погляд, але поспехамі. Напрыклад, хтосьці знайшоў сабе працу, а хтосьці адкрыта гаварыў, што закадзіраваўся і такім спосабам прымусіў сябе адмовіцца ад спіртнога. У адных сёння на першым плане вяртанне з прытулку дзіця, у іншых — не страціць тое, што ёсць. Галоўнае, як адзначыла Любоў Трубека, з годнасцю шукаць выйсце са складанай жыццёвай сітуацыі.

Ала ЯКАЎЛЕВА.