Дзяжурны рэпарцёр (№75)

telefon-ostavajtes-na-liniiНачальнік паабяцаў
У рубрыку звярнулася жыхарка в.Канстантова Надзея Уладзіміраўна Стрыжнёва: тры тыдні не працуе тэлефон. За гэты час жанчына шмат разоў тэлефанавала ў бюро рамонту Сенненскага РВЭС, дзе ёй адказвалі, што заяўку перадалі ў Багушэўскі ўчастак. Аднак тэлефон Надзеі Уладзіміраўны адрамантаваць чамусьці не спяшаліся. Да начальніка РВЭС яна дазваніцца не змагла.
Удалося гэта зрабіць дзяжурнаму рубрыкі. Начальнік раённага вузла электрасувязі Андрэй Пусцельнікаў паабяцаў у гэты ж дзень (размова адбывалася 18 верасня) адправіць да Стрыжнёвай майстра.
 Рамонт на кантролі
У жыхаркі в.Какоўчына (вул. Школьная, д.5) Людмілы Аляксееўны Купрэвіч таксама была праблема, якая без умяшання газеты не вырашалася. Ад імя жыхароў дома жанчына паскардзілася, што раённая жыллёва-камунальная гаспадарка няякасна зрабіла рамонт у пад’ездзе.
Такіх дамоў, як вышэйназваны, у вёсцы пяць, адзначыла тэлефанаваўшая. У іншых зрабілі рамонт, а ў гэтым не. Хаця, па словах Людмілы Аляксееўны, ён, у параўнанні з астатнімі, самы стары. Адрамантавалі тут толькі дах, бо ён працякаў. Пад’езд жыльцы рамантавалі самі, як маглі.
Камунальшчыкі «ўзяліся» за яго толькі сёлета. Ды і то няўдала. Пабялілі так, што руплівы гаспадар у хляве лепш пабеліць. Дзверы, якія паставілі, таксама пакідаюць жадаць лепшага. Вакно зусім не памянялі.
У адказ на такі рамонт жыльцы дома напісалі заяву на імя  дырэктара Сенненскага УП ЖКГ з просьбай разабрацца з іх праблемай. Але ніякая камісія так і не наведала дом.
У ЖКГ дзяжурнаму рубрыкі паведамілі, што недахопы, дапушчаныя пры рамонце, выпраўляюцца. Пытанне ўзяў пад свой кантроль начальнік жылфонду Віктар Бязручанка. Пасля заканчэння работ кампетэнтная камісія праверыць іх якасць, дадала адказная за звароты УП ЖКГ Ніна Шыдлоўская, з якой адбывалася размова.
 Атакуюць мошкі
У «ДР» патэлефанавалі жыхары д.142 па вул. Кастрычніцкая райцэнтра: дом апанавалі мошкі, столь у пад’ездах імі проста ўсыпана. Пакрысе насякомыя пачалі пранікаць і ў кватэры. Звонку аблеплены імі і зашклёныя балконы, вокны адчыніць немагчыма.
За дапамогай жыхары дома звярталіся ў цэнтр гігіены і эпідэміялогіі. Там прапанавалі атруціць насякомых за пэўную плату. Аднак такі варыянт не задаволіў. Жыльцы лічаць, што трэба знайсці крыніцу распаўсюджвання мошак і знішчыць яе. Аднак сваімі сіламі ім гэта зрабіць не ўдалося. Куды яшчэ можна звярнуцца, пыталіся на другім канцы проваду.
Дзяжурны рубрыкі звязаўся з раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя і даведаўся, што вырашыць праблему кардынальна можа толькі спецыяліст, знаўца менавіта ў гэтай галіне, якога інспекцыя не мае. Таму лепшы выхад — надакучлівую машкару атруціць самім, як гэта робяць іншыя жыхары горада, якім таксама даводзіцца сутыкацца з такой навалай.
 Патрэбна новая свідравіна
Няма вады ў водаправодзе вёскі Савінічы, паведамілі «ДР» яе жыхары. Звярталіся яны і ў Студзёнкаўскі сельскі Савет і да кіраўніцтва ААТ «Сінягорскае», якому належыць воданапорная вежа. Аднак станоўчага адказу не атрымалі.
Старшыня ААТ «Сінягорскае» Уладзімір Сухвал так пракаментаваў сітуацыю. Воданапорная вежа састарэла, вады падае мала (абсталяваць новую акцыянернае таварыства не мае фінансавай магчымасці). Ды і першапачаткова вежа была разлічана на меншую колькасць спажыўцоў. Да таго ж, жыхары вёскі не жадаюць зразумець, што за забеспячэнне вадой трэба плаціць.
Аднак, як паабяцаў Уладзімір Аляксандравіч, вада ў водаправодзе вёскі з’явіцца, але яе недахоп усё ж будзе адчувацца.
 Хлеб з «дабаўкамі»
Наракаў на якасць хлеба «Здароўе», які вырабляецца на сенненскім хлебазаводзе, жыхар райцэнтра Віктар Паўлавіч Небакаткін. Пастаянны пакупнік магазіна «Паўлінка», ён сцвярджаў, што вышэйпамянёны хлеб, куплены ім у гэтай гандлёвай кропцы, утрымліваў разынкі і кавалкі белага хлеба. Віктар Паўлавіч лічыць, што гэтыя «дабаўкі» трапілі ў прадукт, які ўжываюць дыябетыкі, таму што нерэалізаваная чэрствая прадукцыя зноў паступае на перапрацоўку.
За растлумачэннямі дзяжурны рубрыкі звярнуўся да загадчыцы вытворчасці хлебазавода Валянціны Куранцовай. Яна не адмаўляла, што ў хлеб маглі трапіць разынкі, але наяўнасць у ім рэштак белага адмовіла катэгарычна. Гэта магло быць вотруб’е, якое дабаўляецца ў выраб, выказала меркаванне Валянціна Іванаўна. І рэзюмавала: «Трэба было прынесці хлеб да нас».
Так што, Уладзімір Паўлавіч, у наступны раз, калі такое надарыцца, нясіце выраб прама да яго вытворцаў.

 Таццяна Буракова.
  Сёння вас выслухае  карэспандэнт газеты Ірына Канстанцінаўна Гарбачова, тэлефон 4-88-54.