Люстэрка жыцця раёна

Тамара Віннік з гарадскога пасёлка Багушэўск — адна з самых адданых падпісчыкаў газеты «Голас Сенненшчыны». На працягу 48 гадоў жанчына выпісвае раённае выданне.

vinnikТамара Адамаўна памятае выпускі яшчэ «Ленінскай іскры» (такую назву газета мела з 1963 да 1991 года). Чатырохпалосная, чорна-белая з трохразовым выхадам у тыдзень — яна заўсёды была жаданым госцем у доме жанчыны. Ніводнага года не заставалася Тамара Адамаўна без «раёнкі».
«За гэты час выданне змяніла не толькі назву, памянялася вёрстка, перайшлі на колернасць, стала большай інфармацыйная напаўняльнасць, — адзначыла мая субяседніца. — Людзі працуюць над сваёй газетай, не стаяць на месцы, распрацоўваюць варыянты лепшай яе падачы. Прыемна бачыць, як газета мяняецца ў лепшы бок».
Сама Тамара Адамаўна не тутэйшая. Яе бацькаўшчына —  Аршаншчына. Аднак волей лёсу Сенненшчына стала яе другой малой радзімай. З першых дзён, прыехаўшы  працаваць у Сянно, сям’я стала выпісваць «раёнку». Ім цікава было ведаць, чым жыве раён. А выданне лепш за ўсё адлюстроўвае падзеі мясцовага жыцця, дзеліцца жанчына.
Віннікі не расчараваліся ў выданні. «Голас Сенненшчыны» стаў своеасаблівым сябрам для іх сям’і.
Сёння Тамара Адамаўна выпісвае дзве газеты: «Советскую  Белоруссию» і «Голас Сенненшчыны». Першае, што заўсёды з нецярпеннем чытаюць з мужам, — мясцовае выданне.
— Ведаеце, «раёнка» — своеасаблівае люстэрка роднага краю, у якім яскрава адбіваюцца падзеі Сенненшчыны,  — падзялілася жанчына. Асноўнае, на што звяртае ўвагу Тамара Адамаўна, — раённыя навіны. Цікава ведаць, чым жыве тая ці іншая вёска, як ідуць справы ў самім райцэнтры, што турбуе людзей, якія звяртаюцца на «прамыя лініі» да кіраўніка раёна і інш. З асаблівай цікавасцю чытае матэрыялы, што дасылаюць у рэдакцыю школьнікі, студэнты. Падабаюцца жанчыне новыя рубрыкі: «Свае соткі», «Сад і агарод», «Гаспадыне на заметку». Не прамінае вока і рубрыку «Школа маладых бацькоў». Запамінальныя вершы сенненскіх паэтаў.
Як кажуць, чытае газету «ад коркі да коркі». У тым ліку і рэкламу, бо цікава даведацца, што купляюць і што прадаюць, хто святкуе дзень нараджэння. І, як бы сумна не гучала, смуткуе, калі чытае пра смерць знаёмых.
«Раней газета больш пісала пра чалавека працы, — адзначае Тамара Адамаўна, — бо просты працаўнік быў у пашане. Сёння выданне крыху адышло ад гэтай тэмы. А так, у прынцыпе, усё збалансавана, што і падабаецца».
Часам, прызналася субяседніца, навіны з «раёнкі» становяцца падставай для абмяркавання якой-небудзь праблемы з суседзямі.
— А, што ж! Мы пенсіянеры такія — галава яшчэ працуе, душа — жыве, а «Голас Сенненшчыны» нас падтрымлівае, разбаўляе нашы дні. За гэта і любім нашу «раёнку»!

Ала ЯКАЎЛЕВА.
Фота аўтара.