Письмо в редакцию “ГС”. Сметнік на могілках
Мы абураемся, калі сутыкаемся з фактамі вандалізму, калі бачым неахайнасць ля месцаў масавага пахавання, помнікаў героям вайны. Але, стаўшы сведкамі засмечвання грамадскіх могілак, дзе пахаваны нашы родныя і блізкія, праяўляем раўнадушша. Можа таму, што многія самі ўдзельнічаюць у гэтым дзікунстве, якое, на мой погляд, сведчыць пра нашу духоўную, маральную дэградацыю.
Так павялося, што жыхары Сенненскага раёна, у тым ліку багушэўцы, прыбіраюць магілы продкаў двойчы ў год: вясной — перад Радаўніцай і ўвосень — перад Дзядамі. Менавіта пасля гэтага, па маіх назіраннях, на тэрыторыі агульнага месца пахавання вырастаюць горы смецця. Расліннасць, рэшткі вянкоў, штучных кветак зносяцца ў адно месца, ссыпаюцца нярэдка на старыя магілы, за якімі няма каму даглядаць. Бессаромнасць, з якой засмечваюцца могілкі, можна вытлумачыць толькі тым, што мы забываемся: «Усе там будзем». На могілках Багушэўска звалкі смецця, не адна і не дзве, пачынаюцца ў 30 кроках ад помніка, загінуўшым у вайну.
Праблему засмечвання могілак я ўспрымаю асабліва востра яшчэ і таму, што сметнікі знаходзяцца паблізу ад магіл маіх родных. Тата прайшоў усю вайну, маці настаўнічала яшчэ падлеткам, як толькі прыйшло вызваленне. А цяпер побач з іх магіламі ляжыць не адзін год гара смецця. Мне сорамна перад іх памяццю, але дастукацца да свядомасці багушэўцаў я не магу. Мой уласны прыклад таксама не ўспрымаецца для пераймання.
Я некалькі разоў звярталася яшчэ ў выканкам пасялковага Савета да Любові Трубека, да кіраўніцтва ўчастка РУП ЖКГ, каб з дапамогай улад, камунальнікаў вырашыць праблему. А воз, і не адзін, і цяпер там. Праблема застаецца не вырашанай, бо яна проста ігнаруецца ўладай, грамадскасцю. З майго пункту гледжання, на свядомасць людзей маглі б паўплываць святары тых канфесій, якія маюць вернікаў у Багушэўску. Няўжо цяжка звярнуцца ў сувязі з праблемай да людзей з пропаведдзю, паклікаць на суботнік па ўпарадкаванні могілак? Агульнымі сіламі можна навесці парадак, а ачышчаныя месцы абгарадзіць і паставіць шыльды з надпісам кшталту: «Месца для пахавання, а не для смецця». У рэшце рэшт, ёсць закон, які прадугледжвае штраф за засмечванне грамадскай тэрыторыі.
Я першая прыйду на такі суботнік.
Вольга ДАВЫДЗЕНКА,
жыхарка г.п.Багушэўск.
P.S. Пісьмо ў рэдакцыю падпісалі яшчэ 8 багушэўцаў, што сведчыць пра актуальнасць праблемы. На наш погляд у ёй ёсць яшчэ адзін аспект. На Радаўніцу, Дзяды да магіл продкаў з’язджаюцца былыя жыхары раёна з усяго свету. З якімі ўражаннямі яны пакідаюць радзіму, што думаюць пра цяперашніх жыхароў Сенненшчыны?