Напярэдадні Дня спажыўца старшыня праўлення Сенненскага спажывецкана таварыства Аляксандр Пуцята падзяліўся з чытачамі “Голасу Сенненшчыны” з вынікамі і перспектывамі развіцця гандлёвай сферы

 Адным з асноўных пастаўшчыкоў спажывецкіх паслуг насельніцтву раёна з’яўляецца спажыўкааперацыя. Аб выніках  работы Сенненскага спажывецкага таварыства чытачам газеты расказвае старшыня яго праўлення  Аляксандр ПУЦЯТА.

 

— Аляксандр Аляксандравіч, наколькі атрымалася выканаць запланаванае ў мінулым годзе?

 — Мяркуйце самі.  За 2012 год у цэлым па спажыўтаварыстве атрымана 672 млн рублёў чыстага прыбытку і 3699 млн рублёў ад рэалізацыі. Рэнтабельнасць па чыстым прыбытку склала 0,35%, рэнтабельнасць продажаў — 1,65%.

 Перавышаны прагнозныя паказчыкі па валавой дабаўленай вартасці, закупках сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны ў насельніцтва, вытворчасці прамысловай прадукцыі, рэалізацыі платных паслуг насельніцтву. Выканана заданне па сальда знешнегандлёвага балансу, аб’ёме інвестыцый у асноўны капітал, скарачэнні энергаспажывання. Забяспечана станоўчая дынаміка па таваразвароце гандлёвай сеткі.

 — Давайце пагаворым пра выкананне праграмы гандлёвай галіны.    

 — У адпаведнасці з ёй для павелічэння аб’ёмаў таваразвароту былі вызначаны канкрэтныя тэхналагічныя і арганізацыйныя падыходы. Работа камерцыйнай службы была накіравана на ўдасканальванне ўпраўлення таварнымі рэсурсамі і паляпшэнне забеспячэння прадпрыемстваў гандлю. Ажыццяўлялася развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, праводзіўся комплекс мерапрыемстваў па павышэнні канкурэнтаздольнасці гандлёвых прад­прыемстваў і забеспячэнні эфектыўнасці іх работы.

 Зараз  рознічная гандлёвая сетка прадстаўлена 91 магазінам (29 — па продажы харчовых тавараў, 14 — нехарчовых, 48 — па гандлі змешаным асартыментам тавараў).

 Хачу адзначыць, што адноўлена работа раней закрытых магазінаў у вёсках Задарожжа і Кругляны, магазі­на №110 у в.Янове.

 За 2012 год у развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы гандлёвай галіны інвестыравана 1,1 млрд рублёў. Пабудаваны новы магазін у в.Рыбнае. Праведзены бягучыя рамонты ў 14 гандлёвых прадпрыемствах.

 За мінулы год насельніцтву прададзена тавараў на суму 155,9 млрд рублёў. Па аб’ёме таваразвароту на аднаго чалавека сярод раёнаў вобласці мы маем 5 паказчык. Аднаму жыхару раёна прададзена тавараў на 6 млн 440 тыс. рублёў, што вышэй за  сярэднеабласны паказчык на 18,1%.

 — Як выкарыстоўваліся актыўныя формы гандлю?

 — Было праведзена 202 кірмашы, 6756 выездаў на рынкі вобласці і за яе межы, у сельскую мясцовасць. Дадатковая выручка ад іх склала 2787 млн рублёў.

 За кошт продажу тавараў у крэдыт атрымана 8,2 млрд рублёў таваразвароту.

 Актыўны ўдзел прымалі нашы гандлёвыя прадпрыемствы ў выязным гандлі ў рамках «Славянскага базару ў Віцебску», у Рэспубліканскім сельскагаспадарчым кірмашы ў Мінску, у перадсвяточных сельскагаспадарчых кірмашах у абласным цэнтры, на свяце беларускага пісьменства ў Полацку, у сельскагаспадарчых кірмашах у г.Сянно і г.п.Багушэўску, у аграгарадках раёна.

 — Як абслугоўвалася сельскае насельніцтва?

 — У цэнтры ўвагі знаходзілася абслугоўванне  жыхароў малых населеных пунктаў, якія не маюць стацыянарнай гандлёвай сеткі. Такіх населеных пунктаў у нашым раёне налічваецца 247, жыве ў іх 4,6 тыс. чалавек. Гандлёвае абслугоўванне вяскоўцаў там ажыццяўляецца 6-ю аўтамагазінамі, что дазволіла атрымаць дадаткова 9390 млн рублёў таваразвароту. Сярэднямесячны таваразварот аднаго аўтамагазіна за год склаў 130,4 млн рублёў.

 — Што робіцца для таго, каб павысіць удзельную вагу спажывецкай ка­аперацыі ў таваразвароце гандлёвых прадпрыемстваў раёна?

 — Хаця паказчык удзельнай вагі спажыўкааперацыі (64,7%) з’яўляецца адным з самых высокіх у вобласці (саступаем толькі Расонскаму спажыўтаварыству), работа па павышэнні эфектыўнасці дзейнасці спажыўкааперацыі праводзіцца пастаянна.

 Ствараем максімум зручнасцей для пакупнікоў, у прыватнасці, шляхам павелічэння аб’ёмаў безнаяўных разлікаў. У гандлёвых прадпрыемствах устаноўлены 83 адзінкі тэрмінальнага абсталявання. Удзель­ная вага таваразвароту праз тэрміналы ў рознічным гандлі склала 10,9%(даведзенае заданне выканана), гэта 7-е месца сярод райспажыўтаварыстваў сіс­тэмы абл­спажыўсаюза. 

 Арганізавана работа 2-х гандлёвых прадпрыемстваў тыпу «Дыскаунтэр».

 Праводзілася работа па ўстаноўцы новага і замене зношанага халадзільнага абсталявання. На працягу мінулага года  ўстаноўлена 22 яго адзінкі.

 Сёлета праведзена рэканструкцыя з пераводам на работу па метадзе самаабслугоўвання магазіна №70 «Прадукты» ў Багушэўску. У выніку атрымалі істотную аддачу: тэмп росту таваразвароту ў супастаўных цэнах за люты склаў 130%.

 — Што, на ваш погляд, у сучасных умовах з’яўляецца галоўным у рабоце спажыўкааперацыі?

 — Ва ўмовах канкурэнцыі павышэнне якасці гандлёвага абслугоўвання з’яўляецца галоўным фактарам. Неабходна хутка рэагаваць на змяненне попыту.

 Сёлета асаблівую ўвагу трэба надаць пашырэнню продажу будаўнічых матэрыялаў; за кошт набыцця яшчэ аднаго аўтамагазіна палепшыць абслугоўванне сельскага насельніцтва.  Для зручнасці пакупнікоў у бягучым годзе будуць устаноўлены плацёжныя тэрміналы ў магазінах вёсак Алексінічы і Ског. Будуць таксама набыты і ўстаноўлены ў гандлёвых прадпрыемствах  яшчэ 6 адзінак халадзільнага абсталявання.

 Прыцягне пакупнікоў у аб’екты спажыўкааперацыі арганізацыя пастаянна дзеючых  акцый па продажы тавараў са зніжанай гандлёвай надбаўкай.

 — Як вядома, адной з важнейшых галін спажывецкай кааперацыі з’яўляецца грамадскае харчаванне…

 — Грамадскае харчаванне прадстаўлена 28 прадпрыемствамі. Сярод іх — рэстаран райцэнтра «Акропаль», 3 бара, 3 кафэ, 4 школьных сталовых, 4 буфеты пры школах, «Смажанка», 3 гандлёвыя палаткі, вясенне-летняе кафэ, цэхі па засолцы рыбы і вытворчасці паўфабрыкатаў.

 У развіццё гэтай галіны летась укладзена 92 млн рублёў. Лічу, что менавіта рэстаран, кафэ, магазіны і іншыя прадпрыемствы вызначаюць твар галіны  грамадскага харчавання і спажывецкай ка­аперацыі, таму яны павінны быць прывабнымі.

 Наш грамадхарч па абсалютнай лічбе таваразвароту і па продажы на 1 чалавека мае другі паказчык сярод раёнаў вобласці. 

 За 2012 год прадпрыемствамі грамадскага харчавання выраблена і рэалізавана 126,7 т мясных паўфабрыкатаў. Выпрацавана абе­дзеннай прадукцыі на 5593 млн рублёў, салёнай рыбы — 44,5 т, мучных і кулінарных вырабаў — 32,2 т.

 — Што плануеце на перспектыву ў грамадскім харчаванні?

 — Будзем працягваць работу па замене старога абсталявання, што дазволіць зэканоміць паліва-энергетычныя рэсурсы. Будзем нарошчваць рэалізацыю  прадукцыі ўласнай вытворчасці пабочным арганізацыям.

 У бягучым годзе галоўным напрамкам у развіцці галіны грамадскага харчавання стане забеспячэнне выканання ўстаноўленых прагнозных паказчыкаў па рознічным таваразвароце не ніжэй за 107,5%. Для гэтага будзе праводзіцца шырокая рэклама паслуг па арганізацыі  прафесійных святаў, вечароў, сямейных урачыстасцей, па прадастаўленні паслуг повараў па прыгатаванні фірменных страў з мяса, птушкі, рыбы і іншых прадуктаў. У вясенне-летні перыяд бу­дзе больш шырока разгорнута сетка дробнай розніцы. Думаю, што рэалізацыя гэтых мераў забяспечыць эфектыўную работу галіны.

 — Якімі вынікамі работы можа «пахваліцца» кааператыўная прамысловасць?

 — За мінулы год выраблена прадукцыі на 20,8 млрд рублёў; узровень 2011 года перавышаны на 25,3%.

 Выпрацавана 1699 т хлебабулачных, 63 т кандытарскіх і 91,3 т каўбасных вырабаў, 98,8 т мясных паўфабрыкатаў, 259,2 т мяса, 32,7 тыс. дэкалітраў безалкагольных напіткаў, 18,4 тыс. дэкалітраў пладова-ягаднага віна.

 Прыярытэтнае месца ў прамысловасці занялі каўбасная вытворчасць, вытворчасць мясных паўфабрыкатаў і мяса.

 На працягу 2012 года ўкаранёна 29 відаў хлебабулачных вырабаў і 5 — кандытарскіх. Асартымент каўбасных вырабаў, вэнджання налічвае 56 відаў, мясных паўфабрыкатаў — 7.

 На мой погляд, сапраўднага поспеху можна дабіцца толькі ў тым выпадку, калі спецыя­лісты, якія ўзначальваюць галіну прамысловасці, настроены на выраб сучасных відаў прадукцыі высокай якасці, канкурэнтаздольнай і ўсебакова задавальняючай патрабаванні спажыўца, калі яны працуюць над зніжэннем сабекошту вырабляемай прадукцыі за кошт выкарыстання больш таннай сыравіны і актывізацыі работы па збыце гатовай прадукцыі. Да ўсяго гэтага мы і будзем імкнуцца.

 У 2013 годзе трэба расшырыць асартымент хлебабулачных вырабаў, для чаго плануем набыць новую хлебапекарную печ.

 — Важную ролю пасрэдніка паміж вытворцам сельскагаспадарчай прадукцыі і канчатковым спажыўцом адыгрывае нарыхтоўчая галіна спажыўкааперацыі. Менавіта таму ў апошнія гады гэтай дзейнасці ўдзяляецца пільная ўвага з боку Прэзідэнта краіны і ўрада…

 — Усе паказчыкі нарыхтоўчай дзейнасці выкананы. Выключэнне складае толькі нарыхтоўка пладоў, што звязана з нізкай ураджайнасцю садоў  у мінулым годзе.

 У цэлым па райспажыўка­аперацыі нарыхтавана сельскагаспадарчай  прадукцыі і сыравіны на 16,6 млрд рублёў. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 115,3%, у тым ліку ў насельніцтва закуплена сельскагаспадарчай прадукцыі і сыравіны на 10,8 млрд рублёў, што больш у параўнанні з 2011 годам на 22,1%. У разліку на аднаго  сельскага жыхара нарыхтоўчы абарот склаў 789,5 тыс. рублёў, што на 28% вышэй за сярэднеабласны паказчык.   

 У структуры нарыхтоўчага абароту ад насельніцтва найбольшую ўдзельную вагу займаюць лом чорных і каляровых металаў, дзікарослыя плады і ягады, гародніна, садавіна, бульба, мясапрадукты.

 Мы кіруемся прынцыпам — чалавек павінен быць упэўнены ў тым, што ўсё выра­шчанае ім на сваім зямельным участку ён зможа прадаць. Пра гэта гаварыў Прэзідэнт  краіны, падкрэсліўшы, што задача спажыўкааперацыі — закупіць усю вырашча­ную насельніцтвам сельгаспрадукцыю. Таму гэта пытанне знаходзіцца ў нас на жорсткім кантролі.

 За мінулы год у нарыхтоўчую галіну ўкладзена 150 млн рублёў. Праведзены рамонт бульбагароднінасховішчаў, закуплены аўтамабільныя вагі.

 Перад аддзелам нарыхтовак, пастаўлена задача аб­следаваць кожны двор для заключэння дагавораў з насельніцтвам на пастаўку сельгаспрадукцыі. Да гэтай работы трэба больш актыўна прыцягваць і рознічныя гандлёвыя прадпрыемствы. Такая дзейнасць дасць станоўчы вынік і спажыўкааперацыі, і грамадскаму сектару.

 Будзем стымуляваць здатчыкаў сельгаспрадукцыі ў адпаведнасці з умовамі конкурсу «На лепшага здатчыка» шляхам выдачы грашовых прэмій, каштоўных падарункаў.

 Я думаю, што такая палітыка дазволіць істотна павялічыць аб’ёмы нарыхтоўчага абароту ў бягучым годзе.

 — Раскажыце больш падрабязна пра работу райспажыўкааперацыі ў галіне знешнеэканамічнай дзейнасці?

 — Аб’ём экспартнага абароту за 2012 год склаў 122,6 тыс. долараў ЗША і ўзрос у параўнанні з 2011 годам у 2,4 раза. 

 На экспарт адгружана: бульбы і гародніны 204 т, на суму 32,1 тыс. долараў, і тавараў вытворчасці Рэспублікі Беларусь — на суму 90,6 тыс. долараў.

 На сённяшні дзень мы валодаем неабходнымі рэсурсамі (у дастатку ёсць бульба, гародніна, прадукцыя, вырабляемая на нашых прадпрыемствах — хлебазаво­дзе і каўбасным цэху) і неабходнай адпаведнай дакументацыяй для ажыццяўлення вывазу сваёй прадукцыі на экспарт. Таму на 2013 год пастаўлена задача па забеспячэнні дынамічнага нарошчвання экспарту тавараў і дасягненні яго росту не менш за 146,5%.

 — Немалаважнай сферай дзейнасці спажыўкааперацыі з’яўляецца аказанне платных паслуг…

 — Аказаннем платных паслуг насельніцтву раёна займаюцца ўсе гандлёвыя прадпрыемствы, грамадхарч, аўтабаза, рынак.

 За мінулы год насельніцтву аказана паслуг на 861,2 млн рублёў. Тэмп росту ў супастаўных цэнах склаў 113,2%, пры прагнозе 107%.  Па аб’ёме паслуг наша спажыўтаварыства мае другі паказчык сярод раёнаў вобласці.

 У гандлёвых прадпрыемствах за пэўную плату можна сабраць мэблю, заказаць транспарт і даставіць тавар на дом, аформіць падарунак. У прадпрыемствах грамадхарчу можна скарыстаць паслугі повара або афіцыянта, заказаць месца для правя­дзення сямейных урачыстасцей і іншых мерапрыемстваў. На рынку мы здаём у арэнду  спец­адзенне, вагавымяральнае абсталяванне,  захоў­ваем інвентар і інш.

 У сваёй рабоце мы будзем кіравацца словамі Прэзідэнта краіны, якія ён выказаў на сходзе прадстаўнікоў Белкаапсаюза: «… нельга забываць, што магазін у вёсцы – гэта своеасаблівы цэнтр. Сяляне прыходзяць у магазін, не проста гутараць, яны там па рабоце таго ці іншага магазіна мяркуюць аб уладзе. Калі закрываецца такі цэнтр ці працуе магазін з рук вон дрэнна — усё гэта не прыбаўляе аўтарытэту ўладзе, адпаведна і нам. Мы павінны задаваць настрой у рабоце ўсім».

 Карыстаючыся выпадкам, хачу павіншаваць нашых пакупнікоў з прайшоўшым учора Днём спажыўца.

 — Дзякую за гутарку, Аляксандр Аляксандравіч.                            

Гутарыла  Таццяна БУРАКОВА.