У Беларусі з 1 ліпеня пашыраюцца магчымасці атрымання аднаразовых субсідый на жыллё.

Як паведамілі ў прэс-службе Прэзідэнта, Аляксандр Лукашэнка 22 красавіка падпісаў указ №172, якім уносяцца змяненні і дапаўненні ў некаторыя ўказы кіраўніка дзяржавы.

 Дакумент накіраваны на далейшае ўдасканаленне ўмоў і механізму аказання дзяржаўнай падтрымкі грамадзянам пры будаўніцтве (рэканструкцыі) або набыцці жылых памяшканняў, а таксама парадку прадастаўлення і выкарыстання службовых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду.

 Указам пашыраюцца магчымасці атрымання аднаразовых субсідый для маладых сем’яў, а таксама грамадзян, якія пастаянна пражываюць і працуюць у сельскай мясцовасці, не маюць пазачарговага права на прадастаўленне аднаразовых субсідый на будаўніцтва (рэканструкцыю) або набыццё жылых памяшканняў. Гэтым катэгорыям грамадзян выплата аднаразовых субсідый на пагашэнне запазычанасці па льготнаму крэдыту будзе праводзіцца не ў працэсе будаўніцтва (рэканструкцыі) або набыцця жылога памяшкання, а пасля ўводу дома ў эксплуатацыю (набыцця жылога памяшкання) роўнымі долямі ў тэрміны, устаноўленыя крэдытным дагаворам. Гэта дасць магчымасць пашырыць колькасць атрымальнікаў гэтай дзяржаўнай падтрымкі.

 Дакументам здымаецца абмежаванне тэрміну звароту грамадзян (пры наяўнасці ўстаноўленых заканадаўствам падстаў) на перадачу ва ўласнасць на платнай аснове ў адпаведнасці з законам «Аб прыватызацыі жыллёвага фонду ў Рэспубліцы Беларусь» службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленых ім ва ўстаноўленым парадку да 8 красавіка 2006 года. Разам з тым службовыя жылыя памяшканні дзяржаўнага жыллёвага фонду, прадастаўленыя пасля 8 красавіка 2006 года, па-ранейшаму не будуць падлягаць выключэнню са складу службовых і прыватызацыі.

 Указам прадугледжваецца магчымасць аплаты кошту перадаваемых службовых жылых памяшканняў дзяржаўнага жыллёвага фонду ў растэрміноўку на 20 гадоў пры ўмове ўнясення першапачатковага ўзносу ў памеры не менш як 10 % іх кошту.

 Указ уступае ў сілу з 1 ліпеня 2011 года.