На Сенненшчыне забуяюць лясы ў гонар герояў

2З 5 па 12 красавіка 2014 года ў краіне пройдзе добраахвотная акцыя «Тыдзень лесу-2014». Сёлета яна прысвечана 70-годдзю вызвалення Рэспублікі Беларусь ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

 Як паведаміла Таццяна Шугальская, намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», акцэнт будзе зроблены на памятных пасадках у гонар герояў-вызваліцеляў. Лясгас падрыхтуе спецыяльныя пляцоўкі, на якіх добраахвотнікі змогуць не проста высадзіць дрэвы, але і стварыць алеі, альбо закласці дэндрапарк. У час акцыі будуць добраўпарадкаваны мемарыяльныя комплексы, месцы воінскіх і брацкіх пахаванняў.

Прыняць удзел у «Тыдні лесу-2014» можа кожны, хто жадае ўнесці свой уклад у справу захавання і памнажэння лясных багаццяў, увекавечання памяці загінуўшых салдат. Лясгас забяспечыць усіх пасадкавым матэрыялам і прыладамі працы.

У рамках акцыі ў школах раёна будуць арганізаваны шматлікія мерапрыемствы, у час правядзення якіх  дзеці пазнаёмяцца з працай лясніцтваў, сустрэнуцца з лесаводамі.

Ала ЯКАЎЛЕВА.