Стагадовы юбілей адзначыла найстарэйшая жыхарка Сенненскага раёна
Чацвярымі дзяцьмі, васьмярымі унукамі, адзінаццаццю праўнукамі і дваімі прапраўнукамі —такой вялікай сям’ёй сёння можа пахваліцца Марфа Мацвееўна Шафранская, жыхарка в.Свабоднае Багданаўскага сельсавета.
На днях яна адзначыла свой стагадовы юбілей.
У маленькай вясковай хаце ледзь змясціліся тыя, хто ў гэты дзень прыехаў павіншаваць Марфу Мацвееўну. Сваякі, госці з раёна: Алег Цяцюеў, кіраўнік спраў райвыканкама, Віктар Мурашкевіч, старшыня Багданаўскага сельскага Савета, Сяргей Пагарэльскі, намеснік дырэктара ААТ «Сенненскі райаграсэрвіс» па ідэалагічнай рабоце — усе з кветкамі, падарункамі, цёплымі пажаданнямі. Міхаіл Архіпаў, начальнік Сенненскага раённага аддзела ўнутраных спраў, разам з Наталляй Булыняй, старшым інспектарам падраздзялення па грамадзянству і міграцыі, уручылі юбілярцы новенькі пашпарт.
Усё пасляваеннае жыццё Марфа Шафранская рупілася на палявых работах. Спачатку — у Гарнаках, потым — у Свабодным. Цяжка было, бо палову жыцця Марфа Мацвееўна пражыла без мужа. «І як бы складана маці не было, — гавораць дзеці, — яна ніколі нам не паказвала свае слёзы. Наадварот, падбадзёрвала добрым словам, хаваючы ў сабе боль, перажыванні».
Сёння Марфу Мацвееўну даглядае дачка Валянціна, якая даўно ўжо на пенсіі. Кожныя выхадныя наведваюцца ўнукі: і па гаспадарцы дапамагчы, і проста пасядзець за кубачкам гарбаты з блізкім чалавекам.
У свае сто гадоў юбілярка захавала здаровы розум. Пайменна памятае сваіх родных. Хоць і слых ужо не той, нярэдка і па тэлефоне з блізкімі размаўляе. А з артыстамі раённага дома культуры, якія таксама завіталі на сямейнае свята, нават праспявала «Катюшу».
Ала ЯКАЎЛЕВА.