Пастка для пасажыраў

Пасажырапаток на грамадскім транспарце змяншаецца, чаму ёсць шмат аб’е­ктыўных прычын. Адна з іх — канкурэнтная барацьба, у якой верх яўна бярэ прыватнік. Дакладней сказаць, шлях да перамогі яму мосцяць работнікі, што працуюць на аўтапрадпрыемствах дзяржаўнай формы ўласнасці.

Нядаўна мой знаёмы, як звычайна, дабіраўся з Сянна ў Нямойту. Рэйсавы аўтобус чакаў на прыпынку грамадскага транспарту. І дачакаўся. Аўтобус на вялікай хуткасці праляцеў міма, абдаўшы пасажыра клубамі халоднага снегу. Выручыў тэлефон. Пасля званка ў дыспетчарскую аўтастанцыі вадзіцель аўтобуса развярнуў машыну назад. І што? Можа перад замёрзшым, абражыным, нарэшце, панёсшым маральныя і матэрыяльныя выдаткі чалавекам нехта павініўся? — Трэба руку падымаць! — незадаволена кінуў  вадзіцель, які, заўважце, павінен спыніць аўтобус на кожным прыпынку, калі там нават няма нікога.

 Яшчэ не так даўно з Сянна да чыгуначнай станцыі Талачын два дні на тыдні хадзіў рэйсавы аўтобус. На ім звычайна ездзілі студэнты мінскіх навучальных устаноў, бацькі якіх жывуць у райцэнтры і вёсках, што стаяць паўз маршрута. Ён, дазволю сабе напомніць, пралягаў па Сенненскім і Талачынскім раёнах. Адмянілі. Галоўны аргумент — рэйс не рэнтабельны. Спрачацца  з такой высновай не стану, бо не правяраў. Аднак у кіраўніцтва АТП №20 г.Сянно і Віцебскага аўтапарка №1 хацелася б запытацца: а аўтобус па маршруце Віцебск-Талачын (дарэчы, ён ідзе ад аўтастанцыі да аўтастанцыі) рэнтабельны? На якіх пасажыраў ён разлічаны? Магчыма, выконваючы дзяржаўны стандарт, які абавязвае пасажыраперавозчыкаў мець рэйс з Віцебска да кожнага райцэнтра, можна ўлічваць інтарэсы сенненцаў?

 Дазволю сабе яшчэ адзін невялікі, але красамоўны штрых, які характарызуе стаўленне аўтачыноўнікаў да пасажыраў.

 Аўтастанцыя для большасці людзей асацыіруецца з варотамі ў горад.  Менавіта тут складваецца першае ўражанне пра населены пункт і яго жыхароў. Якое ўражанне бу­дзе пра Сянно і сенненцаў, калі адчыніць дзверы ў залу чакання не кожнаму па сілах? Каб ўвайсці ў вакзал трэба сіла, каб выйсці — спрыт. Інакш можна стаць інвалідам, ці атрымаць траўму. Той, хто ставіў на дзверы, так званы даводчык, відаць не ўлічыў той факт, што дзверы ў залу чакання на аўтастанцыі адчыняюцца штохвіліны, што адчыняюць іх і старыя і малыя, бывае, і інваліды. Слесару што? Неяк заяўку выканаў і забыўся. Але той, хто нясе адказнасць за тэхніку бяспекі на вытворчым аб’екце, за здароўе людзей, павінен ўлічваць усе гэтыя нюансы інакш трэба чакаць бяды.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.