Сенненцаў заклікаюць дамагчы ў справе добраўпарадкавання

У раёне планамерна рэалізуецца комплексная праграма развіцця горада Сянно. Дзейнічае штаб, які ўзначальвае старшыня раённага Савета дэпутатаў Міхаіл Вілюга. Члены штаба перыядычна збіраюцца на пасяджэнні, дзе не толькі «наразаюць» задачы кіраўнікам арганізацый, прадпрыемстваў, устаноў, але і кантралююць іх выкананне.

Не даюць заспакойвацца мясцовай уладзе  і прадстаўнікі Віцебскага аблвы­канкама. Напрыклад, у жніўні раён наведаў намеснік старшыні аблвыканкама Эдуард Дзям’янаў. Ён пабываў на многіх гарадскіх і прыгарадных аб’ектах, а потым  старшынстваваў на пасяджэнні штаба, на якім прысутнічалі Віктар Цапота, старшыня райвыканкама, яго намеснікі Леанід Хірэвіч, Сяргей Пракаповіч, Зоя Фамі­на, Ганна Якаўлева, начальнікі аддзелаў райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і ўстаноў. Быў выпрацаваны пратакол даручэнняў, згодна з якім у раёне неабходна было ў тэрмін да 1 кастрычніка выканаць такі аб’ём добраўпарадчых работ, якіх звычайны пералік заняў больш трох старонак камп’ютарнага тэксту. Сярод даручэнняў і прывядзенне ў парадак прыдарожных палос (высечка кустоўя, абрэзка ахоўнай паласы, абкошванне дзікай  расліннасці), і ўмацаванне земпалатна на «бойкіх» дарогах,  рамонт  і фарбаванне фасадаў вытворчых і жылых памяшканняў,  навя­дзенне парадку на вытворчых тэрыторыях, на тэрыторыях, што прылягаюць да аб’ектаў сацкультбыту, магазінаў, школ і г.д.

Праз месяц члены штаба падбілі рэзультат і адзначылі: зроблена нямала, але падводзіць рысу вельмі рана. Тым больш, што некаторыя віды работ, вызначаныя пратаколам даручэнняў, патрабуюць не толькі фізічных намаганняў, але і значных грашовых затрат. А віртуальныя грошы (хаця і немалыя), якія,  быццам,  будуць закладзены ў абласны бюджэт на 2013 год, сёння душу не грэюць.

Справа абвастраецца і тым, што парадак трэба наводзіць ва ўсіх населеных пунктах раёна, і ў першую чаргу ў тых, дзе сёння ідзе мадэрнізацыя жывёлагадоўчых ферм. А такіх у раёне адзінаццаць. Тут вытворчасць малака павінна быць пастаўлена на высокую тэхналагічную аснову. Даільныя вёдры і нават малакаправоды павінны стаць рарытэтамі, а на замену ім прыйсці даільныя залы. Аднаўляцца ў вёсках, дзе мадэрнізуюцца фермы, будзе і інфраструктура, разглядаецца магчымасць  будаўніцтва  жылля. Тут для людзей павінны з’явіцца перспектывы для высокапрадукцыйнай працы, вартых заробкаў, бытавых зручнасцяў і змястоўнага адпачынку.

Словам, хочаш  жыць лепей і весялей, лепей працуй, у тым ліку і ў пытаннях добраўпарадкавання. І трэба сказаць, што ў апошняй па ліку, але не па значымасці справе пакуль ніхто гужы не парваў. Ці складана сёння кожнаму сенненцу навесці парадак у двары, на прылягаючай тэрыторыі? Не! Але ці ўсе гэта зрабілі? Таксама, не! Вось агароджу паламаць: здаровы былі. Ці яшчэ дзе праявіць сваё дзікунства і варварскія здольнасці.

Тое ж самае можна сказаць пра арганізацыі і ўстановы, у тым ліку і бюджэтныя. Возьмем для прыкладу раённы аддзел унутраных спраў (начальнік Міхаіл Архіпаў), таксама фінансуецца за кошт народных сродкаў, якія сёння  трэба ашчадна выкарыстоўваць, і якіх многа не бывае, а дакладней, ніколі не стае. Аднак здолелі знайсці грошы на рамонт фасада адміністрацыйнага будынка. Калі б усе так! Люба-дорага было б гля­дзець на горад.

Добры гаспадар не менш як два разы на год робіць генеральную ўборку: вясной і восенню, а потым падтрымлівае парадак. Таму, паважаныя сенненцы, давайце зробім для горада, вёскі, свайго двара ў справе ўпарадкавання тое, што не патрабуе матэрыяльных затрат, ці тое, што максімальна можна зрабіць у сённяшніх умовах.

Міхаіл БЯЛОЎ.