Працаваць на пазітыўны аўтарытэт. Нататкі са справаздачы старшыні раённага Савета дэпутатаў Міхаіла Вілюгі на 30 сесіі райсавета 26 склікання

 Раённы Савет дэпутатаў ажыццяўляе сваю дзейнасць на падставе законаў Рэспублікі Беларусь «Аб мясцовым кіраванні і самакіраванні ў Рэспубліцы Беларусь»,  «Аб статусе дэпутата мясцовага Савета дэпутатаў», а таксама  Рэгламента, зацверджанага Саветам, у якім вызначаны парадак падрыхтоўкі, унясення і разгляду пытанняў на сесіях, пасяджэннях прэзідыума Савета.

 За 3 месяцы 2011 года, 8 месяцаў бягучага года Сенненскім раённым Саветам дэпутатаў праведзена 10 пасяджэнняў сесій, з іх пазачарговых — 7. Разгледжаны і прыняты рашэнні па 46 пытаннях, накіраваных на рашэнне сацыяльных, эканамічных і палітычных праблем мясцовага значэння, зыходзячы з агульнадзяржаўных інтарэсаў і інтарэсаў грама­дзян, асаблівасцяў развіцця рэгіёна.

 Напрыклад, на 21-й чарговай сесіі раённага Савета дэпутатаў ад 23 снежня 2011 года зацверджаны паказчыкі прагнозу сацыяльна-эканамічнага развіцця раёна на 2012 год, а таксама раённы бюджэт. Выкананне іх за гэты год будзе разгледжана на чарговай сесіі ў снежні.

 Падводзячы вынікі работы народнагаспадарчага комплексу раёна за 8 месяцаў, адзначалася, што з 19 устаноўленых паказчыкаў выкананы толькі 5: увод у эксплуатацыю жылля, 2 паказчыкі знешнеэканамічнай дзейнасці, паказчык па ўдзельнай вазе затрат на набыццё машын, абсталявання, транспартных сродкаў у агульным аб’ёме інвестыцый і прадукцыйнасць працы ў прамысловасці.

 Не выкананымі засталіся такія паказчыкі, як: удзельная вага адгружанай інавацыйнай прадукцыі; рэнтабельнасць прадаж у прамысловасці і сельскай гаспадарцы; рост вытворчасці валавай прадукцыі; інвестыцыі ў асноўны капітал; замежныя інвестыцыі; рознічны тавараабарот гандлю праз усе каналы рэалізацыі; энергазберажэнне; 6 паказчыкаў па знешнеэканамічнай дзейнасці.

 Прамысловасць раёна прадстаўлена трыма прадпрыемствамі: ААТ «Сенненскі льнозавод», Багушэўскае камунальнае ўнітарнае прадпрыемства бытавога абслугоўвання «Прэстыж» і ўнітарнае прадпрыемства жыллёва-камунальнай гаспадаркі.

 У цяперашні момант у раёне працуюць 11 арганізацый малога бізнесу па вытворчасці прамысловай прадукцыі, але аб’ёмы вытворчасці маюць нязначныя і не аказваюць істотнага ўплыву на выкананне прагнозных паказчыкаў.

 Колькасць занятых у эканоміцы па стане на 1 жніўня 2012 года складала 10774 чалавекі, зменшылася супраць мінулага года на 316 чалавек.

 Узровень беспрацоўя на пачатак верасня гэтага года складаў 0,7 %, што ніжэй дапу­шчальнага. У студзені — ліпені створана 55 новых рабочых месцаў.

 Сярэднямесячная заработная плата за сту­дзень — ліпень па раёне склала 2559,8 тыс. рублёў і ўзрасла да ўзроўню мінулага года ў два разы, у тым ліку за ліпень — 3023,1 тыс. рублёў.

 Усімі прадпрыемствамі камунальнай формы ўласнасці не выкананы паказчыкі сістэмы маніторынгу бізнес-планаў развіцця ў 2012 годзе па прычынах павелічэння матэрыялаёмістасці і энергаёмістасці прадукцыі, з-за падаражання спажываемых сыравінных і энергетычных рэсурсаў; несвоечасовасці разлікаў за адгружаную прадуцыю; высокага ўзроўню крэдыторскай запазычанасці; недахопу абаротных сродкаў для павелічэння аб’ёмаў вытворчасці і прамысловага асваення новых відаў прадукцыі і недагрузкі вытворчых магутнасцяў, абумоўленай адсутнасцю неабходных аб’ёмаў і заказаў.

 Перад кіраўнікамі прадпрыемстваў пастаўлена задача да канца года прыняць самыя рашучыя меры па выпраўленні становішча з выкананнем прагнозных паказчыкаў, росту заработнай платы, павышэнні эфектыўнасці вытворчасці.

 Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна за студзень — жнівень атрымана валавай прадукцыі на суму 161,9 млрд рублёў у супастаўных цэнах, што складае да ўзроўню мінулага года 107,8 %. Узровень вытворчасці прадукцыі раслінаводства па раёне склаў 112,9 %, жывёлагадоўлі —104,3 %. Гэта яўна не тое, што прадугледжвалася прагнознымі паказчыкамі. Значныя зніжэнні вытворчасці дапушчаны працоўнымі калектывамі ДП «Саўгас імя Машэрава», КУСГП імя Гараўца, ААТ «Кругляны», дзе нават не дасягнуты ўзровень мінулага года.

 Невыкананне прагнозных паказчыкаў як  у прамысловасці, так і ў сельскай гаспадарцы негатыўна паўплывала і на фінансавую дзейнасць.

 За справаздачны перыяд расходы бюджэту раёна склалі 102,3 млрд рублёў, або 87,7 % ад назначэнняў 8 месяцаў і 74,3 % — ад гадавых. Фінансаванне праводзілася зыходзячы з магчымасцяў бюджэту і з улікам прыярытэтных накірункаў бюджэтнай палітыкі. У першую чаргу фінансаваліся расходы на выплату заработнай платы работнікам бюджэтнай сферы, забяспечваліся разлікі за харчаванне і медыкаменты, за атрыманыя энергарэсурсы.

 Па стане на 1 верасня гэтага года бюджэты пярвічнага ўзроўню (бюджэты сельскіх Саветаў) выкананы за кошт уласных крыніц на 50 % да гадавых назначэнняў. Сёлета датацыйнасць сельскіх і пасялковага Саветаў плануецца на ўзроўні 29 %, уласных сродкаў — 71 %.

 Расходы бюджэту пярвічнага ўзроўню за 8 месяцаў 2012 года склалі 2093,1 млн рублёў або прафінансавана 53,8 % гадавых назначэнняў. Прафінансаваны расходы на ўтрыманне органаў мясцовага кіравання, аб’ектаў добраўпарадкавання, забеспячэнне вулічнага асвятлення, утрыманне дарог і інш.

 Выкананне сацыяльна-эканамічных прагнозных паказчыкаў і бюджэту з’яўляецца асновай развіцця раёна і ўваходзіць у кампетэнцыю мясцовых Саветаў дэпутатаў і абавязкова для разгляду на сесіях. Акрамя таго, на сесіях раённага Савета дэпутатаў разглядаліся пытанні, якія тычацца дэмаграфічнай сітуацыі, развіцця спартыўна-масавай і фізкультурна-аздараўленчай работы, стану барацьбы са злачыннасцю і мер па папярэджанні правапарушэнняў.

 На чарговай 23-й сесіі раённага Савета дэпутатаў, якая адбылася ў сакавіку бягучага года, на разгляд дэпутацкага корпуса было вынесена пытанне «Аб стане і далейшым развіцці спартыўна-масавай і культурна-аздараўленчай работы ў Сенненскім раёне».  У пасяджэнні сесіі прыняў удзел першы намеснік начальніка ўпраўлення фізічнай культуры, спорту і турызму Віцебскага аблвыканкама Пётр Немянёнак, старшыня райвыканкама Віктар Цапота. З асноўным дакладам была заслухана намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна. Абазначаны асноўныя напрамкі па далейшым развіцці спартыўна-масавай работы. Ход выканання гэтага рашэння плануецца разгледзець на пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў у лістападзе гэтага года.

 У сувязі з ростам злачыннасці ў асобных рэгіёнах вобласці, а таксама па даручэнні старшыні Віцебскага абласнога Савета дэпутатаў Аляксандра  Ацясава на пазачарговай сесіі ў маі бягучага года было заслухана пытанне аб стане барацьбы са злачыннасцю і мерах яе прафілактыкі. У рабоце сесіі прымаў удзел Аляксандр Чадзюк, першы намеснік пракурора Віцебскай вобласці, старшы саветнік юстыцыі. Са справаздачай выступаў Міхаіл Архіпаў, начальнік РАУС. З мэтай павышэння эфектыўнасці работы ўсіх суб’ектаў гаспадарання па разглядаемай праблеме, па аздараўленні крымінагеннай абстаноўкі, прафілактыцы алкагалізацыі, асабліва сельскага насельніцтва, дэпутатамі прынята адпаведнае рашэнне.

 Згодна з зацверджаным планам работы, за справаздачны перыяд раённым Саветам дэпутатаў праведзена 11 планавых пасяджэнняў прэзідыума і 2 сумесных з раённым выканаўчым камітэтам. На прэзідыумы выносіліся пытанні, якія патрабавалі асаблівай увагі з боку мясцовай улады. Гэта рэалізацыя закона Рэспублікі Беларусь «Аб асабістых падсобных гаспадарках грамадзян», «Аб арганізацыйна-масавай рабоце Саветаў пярвічнага ўзроўню», «Аб добраўпарадкаванні населеных пунктаў». У пасяджэннях прэзідыума прымаюць удзел старшыні сельскіх, пасялковага Саветаў дэпутатаў, прадстаўнікі службаў райвыканкама, органаў грамадска-тэрытарыяльнага самакіравання. Увайшло ў практыку правядзенне выязных пасяджэнняў прэзідыума райсавета, у час якіх наведваюцца аб’екты сацыяльна-культурнага прызначэння, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Пільная ўвага звяртаецца на добраўпарадкаванне. Заслухоўваюцца справаздачы старшынь Саветаў дэпутатаў, кіраўнікоў прадпрыемстваў, прадстаўнікоў органаў грамадска-тэрытарыяльнага самакіравання.

 Пад асаблівым кантролем раённага Савета дэпутатаў знаходзяцца пытанні, якія тычацца вядзення асабістых падсобных гаспадарак, бо ў сучасных эканамічных умовах яны маюць важнае значэнне ў вырашэнні харчовай праблемы.

 На пачатак года ў раёне налічвалася 6841 домаўладанне, за якімі замацавана 4064 га ворыўных зямель. На падворках грамадзян утрымліваецца 1197 галоў кароў (зніжэнне супраць мінулага года на 138 галоў), 2859 — свіней, 517 — коней, 368 — авечак, 589 — коз, 1260 — пчоласем’яў.

 Раённымі і мясцовымі сельгасарганізацыямі, прадпрыемствамі аказваюцца самыя розныя паслугі па апрацоўцы і ўборцы прыватных агародаў. Вырашана праблема з набыццём нецеляў, нарыхтоўкай кармоў. Разрозненныя ўчасткі грамадзян аб’ядноўваюцца з іх згоды ў буйныя масівы і ўключаюцца ў палі севазвароту сельгасарганізацый. Перавага яўная: змена папярэднікаў, барацьба са шкоднікамі і хваробамі, павышэнне ўраджайнасці і зніжэнне патрэбы грамадзян у дапамозе. Сёлета дробнаконтурныя зерневыя соткі на плошчы 281 га былі ўключаны ў севазварот сельгасарганізацый. Яны ўбраны, і насельніцтва атрымлівае зерне па прымальнай дзяржаўнай цане.

 На тэрыторыі раёна арганізаваны закуп малака ў насельніцтва. Гэты працэс адладжаны і з боку прыватнікаў няма нараканняў.

 Але колькасць асабістых падсобных гаспадарак грамадзян з кожным годам скарачаецца па прычынах аб’ектыўнага і суб’ектыўнага характару, а таксама ў выніку дэмаграфічнай сітуацыі. Змяншаецца пагалоўе жывёлы, адпаведна падае вытворчасць малака і мяса, агародніны і садавіны. Таму старшыня райсавета заклікаў гаспадарчых кіраўнікоў усяляк падтрымліваць тых, хто вядзе падсобную гаспадарку.

 Не застаюцца без увагі і пытанні добраўпарадкавання сельскіх населеных пунктаў. У раёне распрацавана праграма добраўпарадкавання кожнага населенага пункта і многае па яе выкананні робіцца сельскімі Саветамі, шэфамі, мясцовым насельніцтвам. Аднак у сувязі з недахопам грашовых сродкаў на добраўпарадкаванне і складанай дэмаграфічнай сітуацыяй у асобных вёсках не ўсе пункты праграмы пакуль выконваюцца. З 328 вёсак у 11—  ніхто не пражывае, у 109 — насельніцтва складае ад 1 да 10 чалавек,  у 142 — ад 11 да 50, у 33 — ад 51 да 100 і толькі ў 15 населеных пунктах жыве 101 — 200 і больш чалавек.

 Старшыня раённага Савета дэпутатаў выказаў удзячнасць раённым шэфам, якія аказалі значную дапамогу ў навядзенні парадку ў замацаваных вёсках. Гэта аддзел культуры райвыканкама, упраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароны райвыканкама, райваенкамат, падатковая інспекцыя, Сенненскі раённы вузел электрасувязі, Сенненскае, Какоўчынскае, Бурбінскае, Ульянавіцкае лясніцтвы.

 Другі год запар раёну аказваюць шэфскую дапамогу 20 прадпрыемстваў і арганізацый Першамайскага раёна г. Віцебска, замацаваныя за раёнам  сумеснай пастановай прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў і абласнога выканаўчага камітэта. У іх адрас таксама былі выказаны словы падзякі за дапамогу і разуменне.

 У раёне мэтанакіравана вядзецца работа па абследаванні і зносе спарахнелых і пустуючых дамоў, размешчаных у сельскай мясцовасці. За 9 месяцаў гэтага года знесены 3 пустуючыя і 25 непрыгодных для далейшага выкарыстання жылых дамоў. Па 21 доме прыняты сельскімі выканаўчымі камітэтамі ўведамленні ад грамадзян у намеры выкарыстоўваць іх для пражывання, па 28 зямельных участках прыняты рашэнні аб спыненні права пажыццёванаследуемага ўладання. У гэтым годзе з абласнога бюджэту на знос непрыгоднага жылля выкарыстана 60 млн рублёў.

 Губернатарам вобласці Аляксандрам Косінцам і старшынёй абласнога Савета дэпутатаў Аляксандрам Ацясавым шмат увагі ўдзяляецца добраўпарадкаванню тых населеных пунктаў, дзе размяшчаюцца рэканструіруемыя фермы. А такіх у раёне 11.   

 Немалаважную ролю ў жыццезабеспячэнні насельніцтва адыгрываюць органы тэрытарыяльнага грамадскага самакіравання. У раёне выбраны 204 старэйшыны, якія ажыццяўляюць сваю дзейнасць у 318 населеных пунктах і г.п. Багушэўск, 17 з іх з’яўляюцца і дэпутатамі пярвічнага ўзроўню. Старэйшыны карыстаюцца заслужаным аўтарытэтам і падтрымкай насельніцтва. Да іх звяртаюцца па самых розных пытаннях грамадскага жыцця. Старэйшыны інфармуюць насельніцтва аб рабоце пасялковага, сельскіх Саветаў дэпутатаў, выканаўчых камітэтаў, даводзяць да ведама жыхароў прымаемыя рашэнні органамі мясцовай улады. Асабліва вялікая іх заслуга ў добраўпарадкаванні, навядзенні парадку на зямлі, паляпшэнні стану грамадзянскіх і ваенных могілак, рамонце і ўтрыманні дарог, вуліц, арганізацыі закупу сельгаспрадукцыі ў насельніцтва. Актыўны ўдзел старэйшыны прымаюць і ў рабоце грамадскіх фарміраванняў.

 Адным з важнейшых накірункаў дзейнасці раённага Савета дэпутатаў з’яўляецца работа са зваротамі грамадзян. Так, за 8 месяцаў гэтага года ў раённы Савет дэпутатаў паступіў 51 зварот, з іх па тэлефоннай лініі 47, пісьмовых — 4. 5 чалавек звярнуліся асабіста. Акрамя прыёму па асабістых пытаннях, вядуцца сустрэчы з выбаршчыкамі ў час выступленняў інфармацыйных груп. Усе звароты вывучаюцца. Іх выкананне бярэцца на кантроль. Лю­дзям аказваецца канкрэтная дапамога ў рашэнні жыццёва важных праблем. Па-ранейшаму, у агульнай колькасці паступіўшых зваротаў, вялікая частка іх тычыцца пытанняў жыллёва-камунальнай гаспадаркі. Праблемнымі для насельніцтва застаюцца: рамонт жылога фонду, водазабеспячэнне, стан дарожнай гаспадаркі.

 Нямала праблем і ў гандлі. Гэта і недахоп кадраў, і закрыццё магазінаў, што прымушае грамадзян звяртацца не толькі ў пассельвыканкамы, але і ў райвыканкам, райсавет, іншы раз і ў вышэйстаячыя арганізацыі. У сельскай мясцовасці працягваюць мець месца выпадкі рэалізацыі пратэрмінаваных тавараў, парушэнне санітарных норм. Значная колькасць зваротаў тычыцца работы аўтамагазінаў, што абслугоўваюць Беліцкі, Ходцаўскі, Машканскі, Студзёнкаўскі сельсаветы. Былі скаргі з вёсак Асінаўка-2, Вялікае Сяло, Пустынкі і інш. Па прапанове пастаяннай камісіі па пытаннях сацыяльнай сферы, сацыяльнай абароны грамадзян і справах моладзі на чарговым пасяджэнні прэзідыума раённага Савета дэпутатаў будзе разгледжана пытанне аб стане гандлёвага абслугоўвання сельскага насельніцтва. На сённяшні дзень ужо сфарміравана рэйдавая група па вывучэнні дадзенай праблемы.

 З мэтай скарачэння колькасці зваротаў грамадзян і своечасовага прыняцця мер па іх вырашэнні практыкуецца правядзенне Дзён Саветаў. У гэтым годзе такая сустрэча адбылася з насельніцтвам Беліцкага сельсавета, у ходзе якой грамадзянамі былі ўзняты пытанні, што тычыліся добраўпарадкавання, гандлю, рамонту пад’ездаў да грамадзянскіх могілак, прыцягнення ў севазварот пустуючых зямель, рамонту водазабеспячэння, змянення руху маршрутаў аўтобусаў і інш. У выніку прынятых мер 10 зваротаў грамадзян задаволены.

 Узмоцнена адказнасць пасадавых асоб за выкананне заканадаўства аб зваротах грамадзян, забеспячэння іх праў і законных інтарэсаў. За нездавальняючы разгляд зваротаў грамадзян раённым выканаўчым камітэтам прыцягнуты да дысцыплінарнай адказнасці з пачатку года 3 старшыні сельскіх выканаўчых камітэтаў.

 У заключэнне старшыня райсавета Міхаіл Вілюга зазначыў, што галоўная задача дэпутатаў дабіцца такой сітуацыі, каб ацэнка дэпутацкай дзейнасці была пазітыўнай ва ўсіх слаях насельніцтва, выказаў удзячнасць старшыні райвыканкама, кіраўнікам раёна, работнікам  аддзелаў і ўпраўленняў за супрацоўніцтва з раённым Саветам дэпутатаў у вырашэнні эканамічных задач, выкананні сацыяльных праграм і развіцці раёна ў цэлым.