У Дзень Маці адразу тры ўраджэнкі Сенненскага раёна былі ўганараваны на дзяржаўным узроўні

Самую галоўную ўзнагароду з рук намесніка старшыні Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Цярэнцьева — ордэн Маці — атрымала Таццяна Сергій-Казіева з Літусава (на здымку). Пра дружную сям’ю Казіевых «раёнка» не так даўно пісала. Бацькоўскае шчасце сужэнцаў Казіевых заключаецца ў пецярых дзецях. Адзінаму хлопчыку Максімку ўсяго два гадочкі. Старэйшай дачцэ Юліі — 14. Паміж імі яшчэ трое дзяўчат: Яніна (13), Улада (8), Злата (4). Абое, Радмір і Таццяна, працуюць у ААТ «Літусава».         

 Важкай абласной прэміяй імя Героя Савецкага Саюза Зінаіды Тусналобавай-Марчанка ўзнагароджана жыхарка Сянна Таццяна Валачковіч — настаўніца пачатковых класаў Нямойтаўскай дзіцячага сада-сярэдняй школы і шматдзетная маці. Сям’я Валачковічаў на Сенненшчыне добра вядомая. Глава сям’і, Мікалай Пятровіч, з’яўляецца настаяцелем Свята-Мікалаеўскага храма. У выхаванні сваіх трох дзяцей (сына Анатоля і дзвюх дачок Кацярыны і Соф’і) бацькі асноўваюцца на хрысці­янскіх традыцыях і духоўна-маральных каштоўнасцях. Да таго ж яны актыўна ўдзельнічаюць у грамадскім жыцці раёна. Дарэчы, у роднай школе Таццяна вядзе факультатыў «Асновы праваслаўнай культуры», мае ганаровыя граматы раённага аддзела адукацыі.

 Яшчэ адна жыхарка Сянна Таццяна Румо ў ліку трох прадстаўніц прыгожай паловы вобласці прадстаўляла Віцебшчыну на ўрачыстым прыёме ў Савеце Міністраў. У сям’і спецыяліста па аказанні рознічных паслуг 1 катэгорыі аперацыйнага аддзела Цэнтра банкаўскіх паслуг №218 г.Сянно філіяла №200 Віцебскага абласнога ўпраўлення ААТ «АСБ Беларусбанк» Таццяны і настаўніка працоўнага навучання сенненскай другой сярэдняй школы Сяргея Румо выхоўваюцца трое дзяцей. Старэйшыя сыны Павел і Яўген — студэнты Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта імя М.Танка і, адпаведна, Беларускага аграрна-тэхнічнага ўніверсітэта. Малодшы Арсеній яшчэ наведвае дзіцячы садок. Сям’я Румо багатая на таленты. Таццяна захапляецца вязаннем, кветкаводствам. Сяргей — слынны майстар разьбы па дрэве, настаўнік ад Бога, чые вучні не раз станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых, абласных, рэспубліканскіх алімпіяд. Сыны таксама не адстаюць ад бацькоў: дасягаюць вышынь у вучобе, спорце, агульнасямейных захапленнях разьбярствам і фатаграфіяй.

 Віншуем трох Таццян з высокай адзнакай. Прыемна, што ў чарговы раз сенненскія жанчыны пацвердзілі сваё высакароднае званне — Маці.  

Вольга БАНДАРЭВІЧ