Эколагі праверылі зоны адпачынку Сенненшчыны

Вось і наступіла доўгачаканае лета. З цеплынёй, якая толькі прыйшла, людзі спяшаюцца правесці свой адпачынак на прыродзе. А Сенненшчына багатая на добрыя месцы. Тэрыторыя раёна характарызуецца высокай азёрнасцю і наяўнасцю баравых лясоў. Чаму б не пасядзець на беразе возера ў добрай кампаніі? На жаль, сёння пляжы, зоны адпачынку раёна не ўсе маюць належны выгляд.

 Што пацвердзіў чарговы рэйд, у час якога карэспандэнт райгазеты разам з начальнікам раённай інспекцыяй прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Аляксандрам Якубовічам і намеснікам пракурора раёна Кацярынай Азарушкінай праверылі стан азёр і зон адпачынку.

 Першым пунктам нашага візіту была зона адпачынку «Дарскія азёры» Обальскага лясніцтва. Па словах Аляксандра Якубовіча, «Дарскія азёры» — адна з узорных зон адпачынку ў раёне па сваёй чысціні і добраўпарадкаванасці.

Пляж возера Серакаратнянскае (Багушэўскі пассавет) таксама паспеў «прыбрацца». Тут падрамантавалі смеццевыя бачкі, раздзявалкі… Толькі вось праз некалькі дзён зноў на беразе з’явіліся пластыкавыя бутэлькі, раскіданыя рэшткі вогнішча… Завітаўшы да Любові Трубека, старшыні Багушэўскага пасялковага Савета, правяраючыя прапанавалі ёй зрабіць пляж больш прывабным для розных узростаў насельніцтва: паставіць пясочніцы для дзяцей, пабудаваць лаўкі, альтанкі, зрабіць добры туалет, аўтастаянку. «Толькі ці надоўга? — сумна зазначыла Любоў Емяльянаўна. — Усё роўна прахам пойдуць усе нашы старанні. Такія ў нас людзі!».

 Прыклад абыякавасці людзей да прыроды і, у першую чаргу, знявагі да сябе можна пабачыць на палігоне цвёрдых бытавых адходаў за в.Обаль, куды вывозяць смецце РУП ЖКГ, мясцовыя жыхары. Замест спецыяльна адве­дзенага месца ў лесе, яно ляжыць на дарозе ля пад’езду да звалкі, паблізу вёскі ў кустах.

А як ідуць справы па падрыхтоўцы купальняў і зон адпачынку вакол азёр райцэнтра? Як паведаміла раённая інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, кожнае возера замацавана за пэўным прадпрыемствам раёна.

На сённяшні дзень не ўсе азёры маюць прывабны выгляд. На Тухінскім возеры не вывозіцца своечасова смецце, не абкошана трава. Возера Крыльцова не мае раздзявалак, няма дзіцячых пляцовак. На цэнтральнай купальні Сенненскага возера, якое замацавана за РУП ЖКГ, няма новых малых архітэктурных форм, пляцоўкі для спартыўных гульняў. Згодна апытання адпачываючых, праведзенага летась, маленькі перасовачны ларок, дзе прадаваліся б марожанае, прахаладжальныя напіткі, быў бы за вялікую радасць. Гэта ж самае масавае для адпачынку возера раёна!

  Спадабалася правяраючым возера Святое, што за вёскай Заазер’е. Тут добраўпарадкавана зона адпачынку, за што падзякі заслугоўваюць работнікі Ульянавіцкага лясніцтва.

Ірына ГАРБАЧОВА.