Што не падзялілі меліяратары і бабры ў Сенненскім раёне

Бабры, як інжынеры, канструююць плаціны, майструючы іх па плыні ніжэй бабровага гарадка са ствалоў дрэў, галінак і сухога галля, замацаваных глінай і глеем.  Бывае,  што каркасам  хатак з’яўляецца зваленае ў рэчку дрэва ( дрэва дыяметрам 8 сантыметраў бабёр  валіць за пяць  хвілін!). Плаціна лёгка вытрымлівае вагу чалавека.

 Збудаваныя плаціны і запруды нярэдка аказваюць станоўчае ўздзеянне на вадаёмы: ачышчаецца вада, змяншаецца мутнасць, на дне затрымліваецца глей, пасяляюцца малюскі і ва­дзяныя насякомыя, ствараючы добрыя ўмовы для размнажэння, нагулу некаторых відаў рыб. Паваленыя бабрамі дрэвы — гэта кармушкі для зайцоў, капытных, якія абгрызаюць кару са ствалоў і галін дрэў…

 Але ў шматлікіх выпадках, такія плюсы малапрыкметныя на фоне шкоды, якую робяць бабры. З-за вялікай колькасці зваленых дрэў, пабудаваных плацін узровень вады ў рэках павышаецца, што выводзіць са строю дрэнажныя сістэмы, у выніку чаго аказваюцца падтопленымі сельгасугоддзі, тэрыторыя забалачваецца. Сельскагаспадарчыя і меліярацыйныя прадпрыемствы нясуць значныя страты.

 На канец мінулага года агульная колькасць асобін баброў у Сенненскім раёне складала каля тысячы. А гэта нямала, таму частку іх стараюцца адлоўліваць і перасяляць у іншыя, больш падыходзячыя, месцы. Інспекцыя прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя дае арандатарам паляўнічых угоддзяў, а іх у раёне пяць, спецыяльны дазвол і вызначае пэўны ліміт на здабычу звяркоў.

На сённяшні дзень у Беларусі ні адна дзяржаўная структура не займаецца апрацоўкай бобровага меху, яго струмені і мяса. Ды і мода на шапку ці каўнер з бабра сёння попытам не карыстаецца. Калі за мяжой мяса бабра лічыцца далікатэсам, а мех і струмень каштуе вялікія грошы, у нас часцей за ўсё іх могуць проста выкінуць. Таму здабываць нашым паляўнічым жывёлу не выгадна, бо кампенсаваць затраты на лі­цэнзію, здабычу, пярвічную перапрацоўку трэба яшчэ пастарацца.

Ірына ГАРБАЧОВА.

P.S. Падрабязнасці чытайце ў “ГС” №47, 16 чэрвеня 2012 года.