Свята кнігі з Сянно “пераедзе” ў Багушэўск

У Сенненскім раённым Доме культуры прайшло літаратурнае свята «Яе Вялікасць Кніга». Падрыхтавалі яго супрацоўнікі цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.

На ўваходзе ў ДК гасцей сустракалі казачныя персанажы: Каралева Кнігі, Мальвіна, Нязнайка, роставыя лялькі Клоун і Мядз­ведзь. Яны раздавалі рэкламныя буклеты і фатаграфаваліся з усімі жадаючымі.

У фае Дома культуры працавалі кніжныя выставы пад агульнай назвай «Кніга — шчодры дар». Госці з цікавасцю затрымліваліся каля паліц «Кніжныя скарбы», «Песняры беларускай зямлі», «Запрашаем у свет казкі». Дзіцячая раённая і Багушэўская гарпасялковая бібліятэкі падрыхтавалі выставу «Цацкі майго дзяцінства». Школьныя бібліятэкары аформілі экспазіцыю малюнкаў «Мой любімы казачны герой».

Свята пачалося пад гукі цымбалаў. Выкладчыцы Сенненскай школы мастацтваў Ірына Булаткіна і Вера Гарнак выканалі п’есу «Вяртанне да спадчыны».

Урачыстую і, разам з тым, шчырую атмасферу ў зале стварылі вядучыя мерапрыемства, супрацоўніцы цэнтральнай раённай бібліятэкі: загадчыца аддзела бібліятэчнага маркетынгу і рэкламы Таццяна Красноўская і загадчыца аддзела абслугоўвання і інфармацыі Лілія Кулік.

Госці даведаліся пра творчасць вядомых не толькі ў Беларусі, але і за яе межамі, паэтаў, жыццё якіх звязана з Сенненшчынай. Гэта Анатоль Вялюгін, Алесь Жаўрук, Андрэй Зязюля, Тадэвуш Лада-Заблоцкі.

З цікавасцю ўспрынялі ўдзельнікі сустрэчы расказ пра кнігу аб мінулым малой радзімы «Сенненский уезд Могилёвской губернии», якую напісаў краязнаўца, археолаг, этнограф Кірыла Анікіевіч.

Шчырымі апладысментамі вітала зала настаўніка сярэдняй школы №2 г.Сянно Васіля Бандарэвіча. Апантаны краязнаўца і таленавіты мастак ён па крупінках збіраў звесткі пра гісторыю  раёна. Стварыў шмат карцін на тэму архітэктурнай і культурнай спадчыны Сенненшчыны і кнігу «Экскурсія да вытокаў горада Сянно», якая разам з выданнем К.Анікі­евіча, карыстаецца вялікай папулярнасцю ў чытачоў.

На свяце адзначылі лепшых чытачоў. На працягу многіх гадоў застаюцца вернымі кнізе і бібліятэцы Кацярына Ясная, Віктар і Ася Астапенкі, Алена Мяцеліца, Ала Бельская, Тамара і Аляксей Мяльянцавы, Валянціна Стайнова, Паліна Гендзік, Любоў Дзябольская, Леанід Віннік, Людміла Камінская, Святлана Гушча і іншыя. Лепшыя чытачы дзіцячай бібліятэкі — Насця Камандышка, Аліна Зіньковіч, Каця Тамашонак, Насця Небакаткіна…

У свяце прынялі ўдзел вучні 2 класа СШ №2 г.Сянно са сваёй настаўніцай Антанінай Вадзімаўнай Хлусевіч. Яны прадставілі ўвазе гледачоў літаратурную кампазіцыю і паказальны брэйн-рынг на «кніжную» тэму.

Сустрэча суправаджалася музычнымі нумарамі-падарункамі і чытаннем вершаў пра Беларусь і Сенненшчыну. З музычнымі нумарамі выступілі дырэктар раённага Дома культуры Міхаіл Насоўскі, выхаванцы Сенненскай школы мастацтваў і школы-інтэрната, народны ансамбль «Вечарынка», супрацоўніца раённага музея Браніслава Лазоўская і іншыя самадзейныя артысты.

Мерапрыемства ўдалося і спадабалася. Таму было вырашана правесці падобнае свята ў гарадскім пасёлку Багушэўск.

Таццяна Буракова.