Спаткай – прозвішча як знак якасці для сенненскіх аўтамабілістаў

Дзень нараджэння — сямейнае свята. Андрэй Спаткай, якога сенненцы старэйшага ўзросту, у першую чаргу аўтамабілісты, памятаюць, як супрацоўніка і начальніка аддзялення ДАІ Сенненскага РАУС, маладзейшыя ведаюць як прадпрымальніка, сваё 50-годдзе адзначыў не толькі сярод родных і блізкіх. Былога супрацоўніка, ветэрана органаў унутраных спраў ушанавалі ў раённым аддзеле. Кіраўніцтва, ветэранская арганізацыя РАУС арганізавалі для юбіляра вечар-партрэт, у час якога прапанавалі былому калегу азірнуцца на пройдзены жыццёвы шлях.

 Андрэй Спаткай нарадзіўся ў сям’і міліцыянера. Таму не дзіўна, што студэнт-завочнік аўтатрактарнага факультэта Мінскага палітэхнічнага інстытута пасля непрацяглай працы ў Сенненскай райаграпрамтэхніцы, у 80-я гады мінулага стагоддзя становіц­ца міліцыянерам, а дакладней — інспектарам дарожна-патрульнай службы. А можа сваё слова сказала этымалогія прозвішча — спаткай, сустрэнь, дапамажы на дарозе.

 За гады работы ў РАУС Андрэй Анатольевіч прайшоў шлях ад лейтэнанта да маёра міліцыі, ад інспектара аддзялення ДАІ да начальніка службы. Апошняй пасадай у аддзеле міліцыі для Андрэя Спаткая стала работа ў якасці начальніка штаба РАУС. На пенсію пайшоў у 2006 годзе, выслужыўшы ў міліцыі максімальна магчымы тэрмін.

 Усялякае было ў працы, што «и опасна, и трудна». Але заўжды Андрэй Анатольевіч стараўся выконваць сваю работу, як патрабаваў абавязак, прысяга. Асаблівую адказнасць накладвала тая акалічнасць, што працаваць даводзілася сярод землякоў. Напамінам пра мі­ліцэйскія будні засталіся ўзнагароды: «Выдатнік ДАІ», «За выдатную службу», граматы Міністэрства ўнутраных спраў і ўпраўлення аблвыканкама.

 Сёння Андрэй Спаткай — прадпрымальнік, займаецца вытворчай дзейнасцю, вырабляе запасныя часткі для аўтамабіляў, у прыватнасці, паветраныя фільтры. Пакрысе пашыраюцца паслугі па рамонце і абслу­гоў­ванні аўтамабіляў. На вытворчай базе прадпрымальніка можна правесці кам­п’ю­тарную дыягностыку аўтамабіля. Да справы Андрэй Анатольевіч заахвочвае сына, студэнта БНТУ. А гэта дае падставы для спадзявання, што  сямейная справа Спаткаяў будзе працягвацца і пашырацца.

Аляксандр ЯЎГЕНАЎ.

 НА ЗДЫМКУ: Андрэй Спаткай з роднымі і былымі калегамі.