Ад захаплення Жагловым да прафесіі

З 1 ліпеня мінулага года Яўген Драненка працуе першым намеснікам начальніка аддзела ўнутраных спраў Сенненскага райвыканкама. Ён — падпалкоўнік міліцыі. На радзіму вярнуўся з Віцебска, дзе апошнім часам працаваў старшым аператыўным упаўнаважаным па асабліва важных справах упраўлення крымінальнага вышуку Віцебскага аблвыканкама. Перавод на службу ў райцэнтр успрымае як данасць.

— Людзі ў пагонах месца працы не выбіраюць, — пра гэта ён ведае з дзяцінства.

Яўген Драненка нават работу не выбіраў — бацькі працавалі ў Сенненскім РАУС. Так што,  пасля заканчэння сярэдняй школы хлопец без ваганняў здаў дакументы ў прыёмную камісію Акадэміі МУС.

— Усё ж не бацькі  адыгралі вызначальную ролю ў маім прафесійным выбары. Мне падабаліся савецкія фільмы пра міліцыю, аператыўную работу, асабліва «Место встречи изменить нельзя» з Уладзімірам Высоцкім у галоўнай ролі, — успамінае ён той перыяд свайго жыцця.

Пасля заканчэння галоўнай міліцэйскай вучэльні лейтэнантам вярнуўся ў Сянно, працаваў у інспекцыі,  — якая курыравала выкананне судовых пакаранняў, потым — у вышуку. Праз некаторы час яго перавялі ва ўпраўленне ўнутраных спраў аблвыканкама. Працаваў, у так званым, аддзеле мінулых гадоў, дзе расследаваліся прыпыненыя справы аб учыненні цяжкіх злачынстваў. На міліцэйскім жаргоне іх называюць «вісякі». Вось дзе спатрэбіліся ўсе веды, атрыманыя ў акадэміі, і той невялікі вопыт прафесійнай дзейнасці, атрыманы ў Сянно.

— Мне асабіста заўжды дапамагала веданне псіхалогіі, уменне ўстанавіць з чалавекам кантакт, даверлівыя адносіны, — дзеліцца прафесійнымі тайнамі Яўген Драненка. На просьбу праілюстраваць тэзіс прыкладам ён успамінае «справу Белабосава».

На пачатку нулявых гадоў у Віцебску і Віцебскім раёне было здзейснена шэраг разбойных нападаў на жанчын. З цягам часу з’явіўся падазроны, якога затрымалі. Але доказаў яго злачынства было няшмат. І ўсё ж маладому следчаму па асабліва важных справах удалося ўвайсці ў кантакт з мяркуемым  злачынцам. Праз некаторы час той напісаў заяву аб прызнанні аднаго, другога злачынстваў. З прызнаннем з’явіліся факты, якія даказвалі віну. Так была раскрыта серыя…

Былі і іншыя рэзанансныя справы, раскрытыя Яўгенам Драненка. Сёння, дзякуючы жыццёваму, прафесійнаму вопыту ён добра ведае — работа следчага шмат у чым залежыць ад калег па працы: участковага інспектара, інспектараў, інспекцыі па справах ІДН, ДПС ДАІ, якія выконваюць «чарнавую» работу.

Мінулы 2011 год для Сенненскага РАУС быў няпростым. З аднаго боку вырасла колькасць злачынстваў, асабліва крадзяжоў, з другога — палепшылася раскрываемасць. Але ў аддзеле ведаюць, якім шляхам ісці, каб павышаць эфектыўнасць работы.

Аляксандр ЛАЗЮК