Спасатель – профессия семейная

Што такое пажар для прафесіянала? Штодзённая работа. А для людзей, у чый дом прыходзіць бяда, — стрэс і жах. І ў гэты жудасны момант усе іх надзеі на выратавальнікаў.

  Праўда, не толькі ў выратаванні людзей заключаецца іх дзейнасць, а перш-наперш, у прафілактыцы. Папярэджванне  няшчасных выпадкаў — штодзённая праца раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.           Андрэй Хізавец пра сваю работу можа расказваць доўга. У Сенненскім РАНС ён працуе на працягу 20 год, хоць прапаноўвалі калісьці яму стаць міліцыянерам.  Аб сваім выбары ніколі не шкадаваў і не задумваўся над тым, каб змяніць прафесію.

 Дзяцінства Андрэя прайшло ў вёсцы Свечы Сенненскага раёна. Пасля заканчэння Гарадзецкай школы асабліва не раздумваў, куды пайсці вучыцца, павёз дакументы ў Гарадоцкі тэхнікум, дзе атрымаў спецыяльнасць «тэхнік-механік».

 Пазней была служба ў войску ў Германіі і працаўладкаванне ў пажарную часць. З таго часу прайшло два дзясятка  гадоў. Не адзін кіраўнік змяніўся ў РАНС, прыйшло на змену новае пакаленне, а Андрэй Леанідавіч добрасумленна нясе сваю службу. Адзін час ён узначальваў аддзел, сёння  займае пасаду старшага інспектара інспекцыі дзяржаўнага пажарнага нагляду.

 Сваім багатым вопытам дзеліцца з калегамі, ніколі не адмаўляе ў дапамозе. За добрай парадай да яго звяртаецца моладзь. Тэарэтычныя веды ў маладых ёсць, а вось практыкі падчас не хапае.  

 Падабаецца працаваць  з людзьмі. Лёгка знаходзіць з імі агульную мову, таму, напэўна, і даў згоду балаціравацца кандыдатам у  дэпутаты райсавета на выбарчым ўчастку № 5.

 — Грамадская дзейнасць цесна пераклікаецца з маёй асноўнай работай. Часта наведваю дамы, вяду гутаркі з людзьмі. Аднак, калі адбываецца пажар у доме гаспадара, якога некалькі разоў прасіў прывесці сядзібу ў парадак, — адрамантаваць печку ці замяніць праводку, — становіцца неяк не па сабе. Здзіўляешся, чаму людзі так абыякава адносяцца да бяспекі. І заўжды вінаваціш сябе ў тым, што не змог іх прымусіць выправіць непаладкі, — кажа Андрэй Леанідавіч.

 У параўнанні з мінулым годам колькасць пажараў на Сенненшчыне зменшылася. У гэтым заслуга і работнікаў РАНС. Але праблемы яшчэ застаюцца. Пажары часцей за ўсё адбываюцца ў кватэрах беспрацоўных, тых, хто злоўжывае спіртнымі напоямі, састарэлых, адзінокіх грамадзян, шматдзетных сямей. І працаваць з гэтымі людзьмі трэба больш актыўна.

 — Хоць і знайсці агульную мову з імі атрымліваецца не заўжды, — не хавае Андрэй Хізавец.

 І прызнаецца, што не любіць сядзець днямі ў кабінеце і перакладваць паперы, хоць, часам, пасада гэтага патрабуе.

 Ён — чалавек актыўны. У свой час захапляўся футболам, выступаў у складзе каманды РАНС. Цяпер ужо здароўе не тое, але паганяць мяч з калегамі і сябрамі не супраць. Час ад часу збіраюцца пажарныя разам, арганізоўваюць турніры.

 Любоў да спорту мужчына прывіў і сыну. Павел стаў біятланістам. Вучыўся ў Наваполацкай школе алімпійскага рэзерву. Сёння атрымлівае спецыяльнасць тэхніка-праграміста ў Полацкім каледжы, але,  па-ранейшаму, сябруе са спортам. 

 Андрэй Леанідавіч шчыра прызнаецца, што сын плануе пайсці па яго слядах і марыць стаць выратавальнікам. Бацька не адгаворвае Паўла, хоць ведае, што праца гэта не з лёгкіх. «Бу­дзе каму вопыт перадаць,»— усміхаецца мой субяседнік.

 Ёсць у пажарнага і дачушка. Яна вучыцца ў восьмым класе другой сенненскай школы.

 — Надзейны тыл для выратавальніка — вельмі неабходны. Нават думак не ўзнікае пра тое, што з табой можа нешта здарыцца. Ведаеш: нельга падвесці сваіх родных, прычыніць ім боль. Гавару гэта не толькі пра сябе, пра кожнага, хто звязаў сваё жыццё з пажарнай службай, — дзеліцца Андрэй Леанідавіч.

 Не прынята ў выратавальнікаў скардзіцца на лёс і цяжкасці працы. Таму ніколі не пачуеце вы   гісторый пра выпадкі, калі яны рызыкавалі сваім жыццём, былі на адзін валасок ад смерці. Гэта іх работа! І выконваць яе трэба бездакорна.

 Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: Андрэй Хізавец.