БЛИЦ-ОПРОС: ЧЕМ ЗАПОМНИЛСЯ СЕННЕНЦАМ 2011 ГОД?

  Чым Вам запомніцца год адыходзячы? І чаго Вы чакаеце ад Новага, 2012? Гэтыя пытанні карэспандэнт «раёнкі» задала жыхарам гарадскога пасёлка Багушэўск.

Галіна Мікалаеўна Громава, пенсіянерка:

— Сёлета дачка засялілася ў двухпакаёвую кватэру ў Віцебску. Згулялі наваселле. Я зноў выйшла на працу. Нейкі час пабыла на пенсіі, а цяпер руплюся ў ДЛГУ «Багушэўскі лясгас» тэхнічкай, дзе 40 гадоў адпрацавала бухгалтарам.

 Хачу, каб у будучым годзе цэны не раслі, як грыбы, і ўсе былі здаровыя.

Сяргей Захараў, настаўнік другой Багушэўскай школы:

— 2011 год запомніўся першым школьным званком. У гэты дзень я адчуў сябе настаўнікам і пазнаёміўся са сваімі сённяшнімі вучнямі. Прыемныя ўспаміны засталіся ад дыпломнай работы і выпускнога балю.

 У наступным годзе планую экскурсію ў Санкт-Пецярбург. Летам збіраемся разам з аднагрупнікамі арганізаваць выставу сваіх работ у Віцебску, якая будзе прымеркавана да юбілею ВДУ імя П.М.Машэрава.  Хочацца развівацца творча і прафесійна.

 Таццяна Яскевіч, старшая медсястра Багушэўскай паліклінікі:

— Сёлета наша сям’я, нарэшце, займела ўласнае жыллё. Дзесяць гадоў мы жылі ў кватэры, якая належала паліклініцы. А цяпер прыватызавалі яе. Будзе што пакінуць у спадчыну дзецям. Радуе і дачка Яўгенія, якая з кожным днём падрастае.

 Кацярына Пагарэльская і Анастасія Прыстаўка, медыцынскія сёстры Багушэўскай паліклінікі:

— У гэтым годзе мы скончылі  Аршанскае медыцынскае вучылішча і вярнуліся працаваць у гарпасёлак. Вельмі запомніліся выпускныя экзамены і баль. А таксама прыход на першае працоўнае месца.

 Хочацца, каб будучы год быў таксама багатым на радасныя падзеі. Ёсць мэты, якіх хочацца дасягнуць, але пра іх мы расказваць не будзем(усміхаюцца), каб не сурочыць.

 Кацярына КАРПОВІЧ.