СВЯТА ДЗЯЦІНСТВА

У першы чэрвеньскі дзянёк на гарадскія вуліцы выйшлі дзесяткі маленькіх хлопчыкаў і дзяўчынак. Прыгожа апранутыя, з шыкоўнымі бантамі, з паветранымі шарыкамі ў руках, яны кіраваліся да фізкультурна-аздараўленчага комплексу. Выхаванцы дзіцячыхсадкоў, навучэнцы малодшых класаў школ г.Сянно сталі ўдзельнікамі гарадскога свята, прымеркаванага да Дня абароны дзяцей.

 Напачатку дзетак павіншавалі госці свята: намеснік старшыні райвыканкама Зоя Сцяпанаўна Фаміна, начальнікі аддзелаў адукацыі Людміла Пятроўна Анісь­ковіч і культуры Ларыса Яўгенаўна Новікава.

 Разам з вядучымі і няўрымслівай дзяўчынкай Пэпі Доўгая Панчоха, дзеці адправіліся ў імправізаванае святочнае падарожжа. На станцыях “Песенная” і “Танцавальная” прысутных чакаў канцэрт. Удзел у ім прымалі, між іншым, самыя маленькія героі святочнага дзейства. Выхаванцы ўсіх трох гарадскіх дзіцячых садкоў выдатна спявалі, танцавалі і, нягледзячы на ўзрост, адчувалі сябе на сцэне быццам са­праўд­ныя артысты.

 На станцыі “Спартыўная” гледачоў чакала казачная эстафета. Спаборніцтва разгарнулася паміж зборнымі камандамі абедзвюх гарадскіх школ. Конкурсы былі звязаны з вядомымі казкамі. Так, “Пузырь, Соломинка и Лапоть” можна было не толькі чытаць, але і гуляць у аднайменную гульню. Яшчэ хлопчыкі і дзяўчынкі спаборні­чалі ў хуткасці “палёту на дыване-самалёце” (катанне на самакаце) і “цягнулі рэпку” — перацягвалі канат. А Пятрушкі ў выкананні настаўнікаў пачатковых класаў СШ №2 падбадзёрвалі ігракоў і весялілі балельшчыкаў. Па выніках усіх этапаў паміж камандамі “Весёлые бурундуки” (СШ №1) і “Скороходы” (СШ №2) усталявалася нічыя. А гэта значыць, што перамагло сяброўства. Іншага выніку ніхто не чакаў. Бо гэта і ёсць дзяцінства.

 А яшчэ гэта тата і мама, брацікі і сястрычкі, бабуля і дзядуля, любімы кот і сабака, вясёлыя гульні, дзіцячы садок і школа, канікулы і толькі светлыя мары. Менавіта такім паўстала дзяцінства ў творах юных мастакоў — выхаванцаў школьных мастацкіх студый і гурткоў  Цэнтра пазашкольнай работы. Выстава іх работ стала ўпрыгажэннем святочнага  мерапры­емства.

 

Толькі яркіх і чыстых фарбаў у жыцці пажадалі маленькія сенненцы ўсім дзецям свету. Разам з пасланнем ужо на вуліцы хлопчыкі і дзяўчынкі адпусцілі ў неба шмат паветраных шароў.

Вольга Бандарэвіч.