Адпускныя ў 18 мільёнаў! Віцебскі дзяржкантроль праверыў бухгалтарскі ўлік аднаго з прадпрыемстваў Глыботчыны.

Полацкі міжраённы камітэт дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці сумесна з аддзелам барацьбы з эканамічнымі злачынствамі Полацкага РАУС правялі праверку Полацкага вытворчага ўчастка па вытворчасці прадукцыі птушкагадоўлі ААТ «Глыбоцкі камбікормавы завод». Было ўстаноўлена, што вядучы бухгалтар участка, злоўжываючы службовым становішчам, пералічвала грашовыя сродкі на карт-рахунак сабе, сваім родзічам і некаторым работнікам прадпрыемства ў памеры, які перавышаў налічаную заработную плату ў 3-4 разы.

  У прыватнасці, механіку ўчастка былі пералічаны адпускныя грошы ў суме 18 млн рублёў, у той час, як загад на водпуск не выдаваўся, а сярэднямесячны заробак складаў 850 тыс. рублёў.

  Работнік звольнены, а залішне пералічаная сума , прадпрыемству не кампенсавана. Запазычанасць на момант праверкі складала 19,8 млн рублёў. Зволены і сын вядучага бухгалтара ўчастка, у якога не кампенсавана залішне атрыманая заработная плата ў суме 1,9 млн рублёў.

 Карыстаючыся сваёй пасадай, вядучы бухгалтар украла грашовыя сродкі ў суме 2,2 млн рублёў, пералічыўшы іх на імя сваіх знаёмых у выглядзе налічанай ім заработнай платы, у той час як яны на прадпрыемстве ніколі не працавалі.

  У выніку праверкі ўстаноўлены іншыя факты неабгрунтаванага пералічэння грашовых сродкаў работнікам прадпрыемства. Агульная сума шкоды склала 62 млн рублёў. Урон, нанесены прадпрыемству, віноўнымі асобамі кампенсаваны ў суме 39 млн.

  Па выніках праверкі ў адносінах  да былога вядучага бухгалтара Полацкім РАУС узбуджана 6 крымінальных спраў. Да дысцыплінарнай адказнасці прыцягнуты 32 работніка  прадпрыемства.