Набывая насенне, патрабуйце пашпарт!

Колькі разоў гаворана і перагаворана аб тым, што насельніцтва пры пакупцы пасяўнога матэрыялу ў юрыдычных,  фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў павінна быць уважлівым і заўсёды патрабаваць прадастаўляць на яго дакумент, які падцвярджае  якасць. Інакш можна не дачакацца радыскі на градцы вясной, а ў сярэдзіне лета ўзыйдзе рэдька або рэпа, у лепшам выпадку, у горшым — градка ўвогуле застанецца пустой. Не, не пераводзяцца   людзі  якія, робяць свой бізнес на рэалізацыі  няякаснага насення, а то і смецця (адходаў) ад яго. У сувязі з гэтым прыгадваем:

  у адпаведнасці з артыкулам 22 Закона Рэспублікі Беларусь «Аб насенні» юрыдычныя і фізічныя асобы, індывідуальныя прадпрымальнікі, якія займаюцца рэалізацыяй насення, абавязаны выкарыстоўваць для рэалізацыі  толькі якаснае насенне пры наяўнасці на яго дакумента аб якасці ўстаноўленай формы. Такім дакументам з’яўляецца пашпарт на права вытворчасці, нарыхтоўкі і рэалізацыі насення, які выдаецца юрыдычным і фізічным асобам пасля іх уключэння ў Дзяржаўны рэестр вытворцаў, нарыхтоўшчыкаў насення дзяржаўнай установай «Галоўная  дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін».

  За парушэнне патрабаванняў заканадаўства, якое рэгулюе адносіны ў сферы вытворчасці, нарыхтовак, рэалізацыі або выкарыстання для сяўбы насення, артыкулам 15.56 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях у адносінах фізічных асоб устаноўлена адказнасць у выглядзе папярэджання або накладання штрафу ў памеры да пяцідзесяці базавых велічынь(адна базавая велічыня 35 000 рублёў), у адносінах індывідуальных прадпрымальнікаў — папярэджанне або накладанне штрафу ў памеры да 100 базавых велічынь, юрыдычных асобпапярэджанне або штраф у памеры да трохсот базавых велічынь.

  Юрыдычны аддзел аблвыканкама даручыў у сувязі з тым, што рэалізацыя няякаснага насення ў вобласці мае месца, камі­тэту  па сельскай гаспадарцы і харчаванні  аблвыканкама, упраўленню гандлю і паслуг аблвыканкама,інспекцыі Міністэрства па падатках і зборах Рэспублікі Беларусь па Віцебскай вобласці, упраўленню ідэалагічнай работы аблвыканкама, дзяржаўнай установе «Віцебская абласная дзяржаўная інспекцыя па насенняводстве, каранціне і ахове раслін», раённым выканаўчым камітэтам, іншым зацікаўленым дзяржаўным арганізацыям у межах сваёй кампетэнтнасці прыняць неабходныя меры па правядзенні растлумачанай работы  сярод юрыдычных, фізічных асоб і індывідуальных прадпрымальнікаў і недапушчэнні рэалізацыі няякаснага насення.

 Інспекцыя па каранціне і ахове раслін Сенненскага раёна  таксама абавязана актывізаваць сваю дзейнасць у гэтай справе з мэтай прадухілення і выключэння фактаў парушэння Закона Рэспублікі Беларусь «Аб насенні».