У ААТ “Студзёнка” Сенненскага раёна тон задае моладзь

  Іван Панамароў і Уладзімір Івашка занятыя на жніве ў ААТ «Студзёнка».  На камбайне  КЗС-1218 хлопцы ўжо намалацілі 289,7 тон зерня (даныя на 4 жніўня) — лепшы  паказчык па гаспадарцы.

  На жніве яны —  не навічкі. Чатыры гады запар абмалочваюць  збожжа з сенненскіх палеткаў. Праўда, у адной камандзе разам ніколі не былі. Іван Панамароў   да сельскай гаспадаркі дачынення  не мае. Ён працуе майстрам лесу ў Сенненскім лясніцтве.  Толькі на час водпуску   ўладкоўваецца памочнікам камбайнера, каб падзарабіць грошай і дапамагчы хлебаробам раёна ўбраць  ураджай.

   Жыццёвай энергіі хлопца можна пазайздросціць. Нягледзя­чы на свой малады ўзрост,  ён паспеў скончыць  тэхнікум, адслужыць у арміі. Цяпер  завочна вучыцца ў Бранскай інжынерна-тэхнічнай акадэміі. У хуткім часе атрымае дыплом інжынера лясной гаспадаркі.

 — Выходзіць, што вы ўжо 4 гады без адпачынку? — пытаюся ў Івана. На гэта ён толькі ўсміхаецца і шчыра кажа, што не стаміўся. Наадварот— з асалодай рупіцца. Пасіўны адпачынак не для яго.

  Уладзімір Івашка адразу пасля школы пайшоў працаваць у сельскую гаспадарку. Зімой заняты на трактары, а калі прыходзіць час жніва  — садзіцца за камбайн. Асабістае жыццё ўжо таксама наладзіў. Ёсць жонка, дачка, якія з нецярпеннем чакаюць, калі бацька вечарам прыйдзе з працы. У мінулым годзе маладая сям’я пераехала ў новы дом, які выдзеліла  гаспадарка.

  Раней юнакі  не «хадзілі» у лідэрах жніва.  Але   атрымалася сёлета.

  — Спрацаваліся, — усміхаюцца мае суразмоўцы.

 Разумеюць хлопцы, што гэта толькі пачатак спаборніцтва. Аднак   імкнуцца заставацца першымі. Не толькі таму, што цяпер гэта справа гонару, а і па зразумелым кожнаму жаданні больш зарабіць. Прынамсі, усё неабходнае для прадукцыйнай працы ёсць: выдатная тэхніка (у мінулым годзе далі новы камбайн), умовы (да прыкладу, гарачыя абеды прама ў полі), нядрэнная ўраджайнасць. Толькі б надвор’е не падвяло. А фізічнай працы, няхай ад цямна да цямна, яны не баяцца.

Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: Уладзімір Івашка(злева) і Іван Панамароў.