«Гражданин начальник» Віталь Кавалеўскі
У структуры крымінальна-выканаўчай інспекцыі раённага аддзела ўнутраных спраў адбыліся змены. У яе штаце, які колькасна не змяніўся, замест старшага інспектара ўведзена пасада начальніка, яе займае Віталь Кавалеўскі, старшы лейтэнант міліцыі.
— Раней асуджаных, напрыклад, да папраўчых работ мы кантралявалі да заканчэння тэрміну прысуду. Цяпер, калі чалавек не стаў на шлях выпраўлення, кантроль можа працягвацца далей, бясконца, — расказаў ён.
Інспектары крымінальна-выканаўчай інспекцыі сваю работу каардынуюць і праводзяць сукупна з участковымі міліцыянерамі, супрацоўнікамі аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі, кіраўнікамі прадпрыемстваў, арганізацый, дзе працуюць асуджаныя. Без такіх цесных кантактаў, а яшчэ без узаемаразумення з боку мясцовых органаў улады цяжка разлічваць на станоўчы вынік у рабоце з 230-ю асобамі, якія асуджаны да розных тэрмінаў пакарання і жывуць на Сенненшчыне.
— Але галоўнае ўсё ж, каб у чалавека былі праца, сродкі для жыцця, дах над галавой. У гэтым накірунку супрацоўнічаем з дзяржаўнымі органамі ўлады, — сцвярджае Віталь Кавалеўскі. І ён мае рацыю, бо зыходзіць з вопыту папярэдняй работы ў якасці ўчастковага інспектара міліцыі, інспектара аддзела аховы правапарадку і прафілактыкі. Кіраўніцтва аддзела ўнутраных спраў райвыканкама лічыць, што галоўнымі якасцямі Віталя Кавалеўскага з’яўляецца ўменне ўнікаць у сітуацыю, шукаць выйсце з яе з дапамогай канкрэтных сродкаў і спосабаў. Падобныя якасці служаць гарантыяй поспеху ў рабоце кожнай асобы, а тым больш кіраўніка крымінальна-выканаўчай інспекцыі.
Л.Іўеў.
На здымку: начальнік крымінальна-выканаўчай інспекцыі Сенненскага РАУС Віталь Кавалеўскі.