Слова сенненцам: Спачатку культура – потым уборка
Красавік звычайна — месяц добраўпарадкавання. Пасля зімы нашы гарады і вёскі просяць парадку і новай чысціні. Мы выйшлі на вуліцы горада, каб спытацца ў яго жыхароў, што яны прапануюць зрабіць, каб наша Сянно стала больш прыгожым і ўтульным.
Ларыса, работнік культуры:
— На маю думку, для навядзення парадку робіцца многае. Але найперш трэба павышаць культуру людзей. Калі ўбраць, а ўслед усё засмеціць, паламаць, прывесці ў непрыгоднасць, тады любая работа будзе бессэнсоўнай.
Кожнаму трэба памятаць пра тое, што гэта — наш горад. Мы ў ім жывём, ад нас залежаць парадак і прыгажосць.
Аляксандр, работнік камунальнай службы:
— Калі не ўдаецца павысіць культуру жыхароў мерамі выхавання і пераканання, трэба прымяняць штрафы. Гэта, лічу, будзе толькі садзейнічаць добраўпарадкаванню горада.
Марыя Афанасьеўна, пенсіянерка:
— У першую чаргу трэба ўбраць мінулагодняе смецце, акуркі. Варта, думаю, паставіць у парках лаўкі, зрабіць прыгожы мосцік з парэнчамі цераз рэчку Каменку каля стадыёна. Там вельмі прыгожае месца, толькі трэба ўбраць дрэва, паваленае ветрам. На ім часта гушкаюцца дзеці, могуць упасці ў рэчку.
Яшчэ хачу сказаць пра фантан у цэнтральным парку. Калі ўжо ён ёсць, дык павінен функцыянаваць увесь час, а не калі-небудзь. А наогул тэрыторыя гэта не прываблівае, бо месца нейкае балоцістае. Каля дзіцячай горкі няма лавак, дзе б маглі прысесці адпачыць мамы, пакуль дзеці гуляюць. Можна было б зрабіць і пясочніцу.
Марына, хатняя гаспадыня:
— Нярэдка тое, што ўжо зроблена для добраўпарадкавання, ламаюць. І, на вялікі жаль, робіць гэта моладзь. Варта было б міліцыі больш актыўна праводзіць патруляванне вуліц у вячэрнія і начныя гадзіны, ці хаця б тады, калі моладзь разыходзіцца з дыскатэкі.
Наталля, эканаміст:
— Вельмі нязручна, што няма тратуараў па вул.Назаранкі, ад універсама да магазіна «Будаўнік». Яшчэ скажу пра азеляненне: не трэба высякаць дрэвы ў межах горада, яны ж ратуюць нас ад пылу, ствараюць цень у спякотныя дні.
Хацелася б, каб людзі больш беражліва адносіліся да зробленага. Напрыклад, да тратуарнай пліткі. Магчыма, не трэба было дзяўбаць яе ламамі, каб вызваліць ад лёду. Цяпер пакрыццё ў многіх месцах мае варты жалю выгляд.
Думаю, многія жыхары горада чакаюць басейн і новы спартыўны комплекс.
І яшчэ адна праблема, можа толькі крыху іншага кшталту. Ці нельга гарадскі аўтобус пусціць па кругу, каля магазіна «Будаўнік». Ім зручна было б карыстацца жыхарам мікрараёна, якія дабіраюцца з дзецьмі ў бальніцу. Пакупнікам, нагружаным шпалерамі, фарбай і іншымі набытымі рэчамі, таксама не трэба было б ісці да прыпынку немалую адлегласць.
Уладзімір Пятровіч, вадзіцель:
— Даўно наспеў час пафарбаваць вулічную агароджу, каб яна не зарастала мохам. А камунальнікам не трэба разганяць сухімі шчоткамі пыл з праезнай часткі на дамы і двары жыхароў вуліц.
Многія людзі не лічаць патрэбным клапаціцца пра парадак і чысціню, берагчы тое, што для іх жа зроблена. Хаця некаторыя (напрыклад, мая суседка), калі бачаць, што на вуліцы валяюцца паперкі, пакеты і да т.п., заўсёды падбіраюць і нясуць смецце ў кантэйнер. Але такіх сустрэнеш не часта.
На вуліцы горада выходзіла
Таццяна Буракова.