Загінулі за Малішы. Внук вернул имя деда-героя, погибшего в 1944 году в бою на Сенненской земле
На помніку, усталяваным у пасляваенныя гады ў вёсцы Гарывец Багданаўскага сельсавета, на месцы пахавання партызан, з’явіліся дзевяць новых прозвішчаў: Паваразднюк — начальнік штаба 1-й Віцебскай партызанскай брыгады, Ерамееў, Асхат — камандзіры ўзвода, В.І. Красніцкі, Т.К. Корбан, П.Н.Нікуленка, Н.Е.Танікаў, П.Е. Сімакоў, М.П.Шах — партызаны. Усе яны загінулі ў ноч з 6 на 7 лютага 1944 года пры нападзе на варожы гарнізон вёскі Малішы. У час бою было «знішчана 4 аўтамабілі, 2 павозкі, забіта 96 немцаў і «народнікаў», паранена — 31″. У рукі партызан трапілі трафеі.
Такую інфармацыю змяшчае данясенне камісара брыгады В.М. Казлоўскага на імя М.Т. Любімава, сакратара Сенненскага падпольнага райкама КП(б)Б. Копію дакумента нядаўна атрымаў Аляксандр Красніцкі, унук аднаго з загінуўшых партызан, які жыве зараз у вёсцы Ржавец Бешанковіцкага раёна. Ён накіраваў запыт у музей Вялікай Айчыннай вайны ў Мінску. Пазней нашчадак партызана пабываў і на Сенненшчыне: у вёсках Малішы, ля якой загінуў дзядуля, Канева, дзе пасля бою былі пахаваны народныя мсціўцы. У пасляваенныя гады, іх рэшткі перанеслі ў брацкую магілу вёскі Гарывец. А вось імёны на памятнай пліце тады чамусьці не з’явіліся.
Несправядліваць адноўлена. Новую шыльду на помніку з імёнамі партызан устанавіў выканкам Багданаўскага сельскага Савета дэпутатаў. На цырымонію яе адкрыцця былі запрошаны Сяргей Мяцеліца, начальнік аддзела ідэалагічнай работы райвыканкама, Сяргей Пінчук, ваенны камісар Сенненскага раённага ваеннага камісарыята, Аляксандр Абушкевіч, першы сакратар РК ГА «БРСМ», Яўген Усціновіч, старшыня раённага Савета ветэранскай арганізацыі, вучні і настаўнікі Багданаўскай школы, жыхары суседніх вёсак.
Прыехаў і Аляксандр Красніцкі, дзякуючы якому ў першую чаргу, удалося ўстанавіць месца пахавання, увекавечыць імёны людзей, якія ў гады ваеннага ліхалецця не засталіся ўбаку ад барацьбы за родную зямлю. Унук партызана падзяліўся ўспамінамі пра дзядулю, яго партызанскія будні, пра якія ён ведае з успамінаў сваякоў, з музейных дакументаў.
— Мне і маім родзічам цяпер будзе куды прыехаць, каб пакланіцца праху роднага нам чалавека. Дзякуй усім, хто меў дачыненне да высакароднай справы, — сказаў Аляксандр Красніцкі, выступаючы перад прысутнымі.
У Беларусі працягваюцца пошукі рэшткаў загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны, аднаўленне імён невядомых патрыётаў, бо гэта патрэбна ўсім нам, грамадзянам краіны. Людская памяць пра мінулае гарантуе будучыню дзяржаве.
Л.ІЎЕЎ.
На здымках: Аляксандр Красніцкі побач з брацкай магілай, дзе пахаваны яго дзядуля; у час цырымоніі адкрыцця шыльды з новымі імёнамі партызан на магіле ў вёсцы Гарывец; шыльды на помніку.