Ходцы і хадчане!

Візітная картка

 Сёння ў аграгарадку “Ходцы” пражываюць каля 600 чалавек.

 Вытворчасць:

— ДП «Саўгас імя Машэрава».

 Адукацыя:

—  Ходцаўская дзяржаўная агульнаадукацыйная сярэдняя дзіцячы сад-школа.

 Культура:

— Ходцаўскі  СДК;

— бібліятэка ў Ходцах.

 Гандаль:

— стацыянарныя магазіны Сенненскага рай­спажыў­таварыства — 8.

Бытавое абслугоўванне:

—  Ходцаўскі КПП.

 Медыцына і сацыяльная сфера:

— Ходцаўская ўчастковая амбулаторыя;

— дом часовага знаходжання пры ТЦСАН.

 Паштовая сувязь:

— паштовае аддзяленне ў Ходцах.

  Акрамя гэтага, у  Ходцах працуе аддзяленне Цэнтра банкаўскіх паслуг №218 г.Сянно філіяла №200 абласнога аддзялення ААТ «ААБ Беларусбанк».

  Кожная адміністрацыйная тэрыторыя, як правіла, мае свае адметнасці.  Сёння Ходцы  абкружае 5 азёр. А гэта шырокія магчымасці  для  арганізацыі сельскага турызму, адпачынку для гараджан.

 Яшчэ адна асаблівасць — у аграгарадку 10 прыёмных сямей. Менавіта таму  пры Ходцаўскім сельскім Доме культуры працуе клуб прыёмных сямей. У адміністрацыйным будынку  Ходцаўскага сельвыканкама плануецца размясціць экспазіцыі ў музейных пакоях. Па словах старшыні мясцовай улады Вольгі Шчарбаковай, ухіл будзе зроблены на этнаграфію. Ужо зараз у калекцыі музейных пакояў ёсць старадаўнія побытавыя рэчы, якія вырабляліся мясцовымі майстрамі. Зборам і накапленнем экспанатаў для будучых музейных пакояў займаюцца школьныя калектывы, работнікі мясцовых  устаноў культуры, самі работнікі  сельвыканкама.

На прыём да доктара Волк

Самыя лепшыя водгукі пра Галіну Пятроўну Волк, галоўнага ўрача Ходцаўскай участковай амбулаторыі, чуць даводзілася не раз. А вось сустрэцца з ёй не ўдавалася, хоць захады для гэтага прадпрымаліся — заспець сельскага ўрача ў амбулаторыі нялёгка. Праца складаецца пераважна з выездаў па месцы жыхарства людзей.

 — Інакш не атрымліваецца. Большасць нашых пацыентаў — людзі сталага ўзросту. Так што за дзень прыходзіцца наведваць ці прымаць у амбулаторыі не адзін дзясятак хворых, — расказвае Галіна Пятроўна.

 У Ходцах доктар Волк з’явілася ў 90-я гады ХХ стагоддзя. Сюды жанчына прыехала з Вільнюса, дзе працавала пасля заканчэння Віцебскага медінстытута. Пасля сацыяльных узрушэнняў, што адбываліся тады ў Прыбалтыцы, смерці мужа, не рашылася застацца на чужыне. Вярнулася на родную Сенненшчыну, працавала ўрачом участковай бальніцы.

 Сёння ўчастковая амбулаторыя — гэта аддзяленне дзённага стацыянара на 5 ложкаў, якім пераважна карыстаюцца жыхары Ходцаў, стацыянар на даму, працэдурны, зубаўрачэбны, фізіякабінеты, кабінет здаровага дзіцяці. Ёсць асобныя памяшканні, дзе робяцца прышчэпкі, для акушэра, лабараторыі.

 Не так даўно Ходцаўская амбулаторыя атрымала новыя кардыёграф, аўтамабіль. Для работы ўрача, дзейнасці амбулаторыі гэтыя набыткі — добрая падмога. Зона абслугоўвання амбулаторыі досыць вялікая: 36 населеных пунктаў, 1178 дарослых і 186 дзяцей.

 Доктара Волк любяць і паважаюць не толькі пацыенты. У калектыве амбулаторыі яе цэняць таксама — за прафесіяналізм, добразычлівыя адносіны, спагаду. А галоўнае, Галіна Пятроўна сама не шкадуе, што некалі пакінула вялікі горад. Тут, на радзіме, знайшлося месца і дзецям, што куды больш важна для яе.

Лазовых спраў майстар

У Ходцаўскай сярэдняй школе-садзе  Сяргей Грунтоў працуе сацыяльным педагогам.  А яшчэ ён кіруе гуртком лозапляцення. У яго, як правіла, запісваюцца хлапчукі.

 — У пачатку навучальнага года  жаданне наведваць гурток выказваюць многія. Пазней частка  пе­растае наведваць заняткі, бо лозапляценне патрабуе адданасці. Будзеш працаваць пастаянна — будзе павышацца тэхніка, вырабы будуць ста­навіцца больш дасканалымі, — тлу­мачыць Сяргей Генадзьевіч.

 Захапленне лозапляценнем да майго субяседніка  прыйшло адносна нядаўна. Вывучае ён рамяство  пераважна па кніжках, замацоўваючы  веды на практыцы. Пазней  свае навыкі  імкнецца перадаць гурткоўцам.

 А вось раней, скажам, у пачатку ХХ стагоддзя, у Ходцах і навакольных вёсках лозапляценне было досыць пашырана, што пацвярджаюць этнаграфічныя знаходкі. Мясцовыя майстры з лазы выраблялі  пераважна вырабы практычнага прызначэння. Самымі распаўсюджанымі прадметамі былі, зразумела, кошыкі, кашы-бочкі, кашы на сані, дзіцячыя калыскі. Сярод рэдкіх знаходак — дарожны чамадан. На думку Сяргея Генадзьевіча,  такія  саквы наўрад ці выкарыстоўвалі, каб пераносіць нейкія рэчы. А вось скласці скарб у лазовы чамадан, уладкаваць яго на воз ці ў брычку — гэта, напэўна, рабілася.

 У залежнасці ад прызначэння вырабу выбіраўся матэрыял. У свеце маецца каля 100 відаў лазы. Многія з іх прысутнічаюць у ваколіцах Ходцаў. Аб распаўсюджанасці гэтага віду   флоры  сведчыць назва  адной з бліжэйшых вёсак — Лазова.

 Акрамя лазы, якую можна выкарыстоўваць абкарыўшы дзеля большай эластычнасці і даўгавечнасці, на занятках у гуртку выкарыстоўваецца карэнне елкі, вырабляюцца не толькі  традыцыйныя  рэчы практычнага прызначэння. Арыгінальна выглядаюць  настольная лямпа з лазы, дэкаратыўныя вырабы, у аснове якіх — народныя традыцыі, прыёмы лозапляцення.

 — Галоўная задача кіраўніка гуртка — навучыць дзяцей першапачатковым навыкам лозапляцення, прабудзіць цікавасць да традыцыйнага рамяства. Ці стане яно справай жыцця, залежыць ад чалавека, жыццёвых абставін, — разважае Сяргей Грунтоў. А яшчэ ён не хавае, што заняткі ў гуртку дапамагаюць  знаходзіць узаемаразуменне з так званымі цяжкімі падлеткамі, з якімі сацыяльны педагог працуе, якіх імкнецца захапіць лозапляценнем у першую чаргу.

 На здымку: Сяргей Генадзьевіч Грунтоў, сацыяльны педагог Ходцаўскай сада-школы, кіраўнік гуртка лозапляцення.

Вышыўка –  як сродак самавыражэння

Дзеля чаго прыходзіць у гэты свет чалавек?  То­лькі адзінкі з нас свядома цікавяцца адказам на гэтае пытанне. На ўзроўні падсвядомасці — усе.

 Сям’ю Ляванскіх у Ходцах ведаюць як шматдзетную. Яшчэ адна адметнасць — захапленне вышыўкай. Пачынальніцай у сям’і гэтага  віду народнай творчасці з’яўляецца Зоя Станіславаўна. Сёння вышыўка стала неад’емнай часткай жыцця для яе дачкі, нявесткі і, нават, унукаў. Яны ўдзельнікі і дыпламанты шматлікіх выставак, якія праходзілі ў Сянно, Віцебску, Мінску, з’яўляюцца членамі клуба «Натхненне», што дзей­нічае пры сенненскім Доме рамёстваў.

 — У гады майго дзяцінства вышывалі ўсе, — тлумачыць Зоя Станіславаўна, — бо ў школе гэтаму вучылі. Праўда, тады не хапала нітак, палатна. Сёння ёсць усё. А вышыўкай займаюцца адзінкі. Яна стала экзотыкай.

  У дарослым жыцці школь­­нае захапленне перарасло ў душэўную патрэбу. Як толькі выдавалася вольная часіна, Зоя Станіславаўна брала ў рукі іголку. Пазней, калі сям’я стала расці, жанчына асвоіла тэхніку вязання, зімой ставіла кросны і ткала. Асабліва навыкі  новых рамёстваў дапамагалі ў 90-я гады мінулага стагоддзя, калі не хапала грошай, калі паліцы магазінаў  былі паўпустымі.  Усёй сям’ёй вязалі шкарпэткі, світэры,  сукенкі. Але нават у тую нялёгкую пару вышыўка займала асаблівае месца ў жыцці сям’і, была  аддушынай ад  бытавых праблем. Сюжэты, кампазіцыі для работ  найчасцей бяруцца з часопісаў, іншы раз нейкія дэталі перарабляюцца. Звычайна ў аснове вышыўкі ляжаць пейзаж, выява чалавека, жывёлы ці нейкай птушкі. Іншы раз з-пад іголкі з’яўляецца біблейскі сюжэт.

 Які далейшы лёс работ?  Многія захоўваюцца до­ма, упрыгожваюць жыллё майстрых, часта прэзентуюцца сябрам, знаёмым у якасці падарункаў.

 — Ідзеш у госці — трэба нешта гаспадарам на памяць аб сустрэчы падараваць. Несці магазінныя рэчы не выпадае, а вось  падараваць работу, выкананую ўласнымі рукамі, заўжды больш прыемна, у тым ліку і атрымаць гаспадарам, — лічыць  мая суразмоўца Зоя Станіславаўна Ляванская, і яна мае рацыю.

 На здымку: Зоя Станіславаўна Ляванская з дачкой Таццянай.