«Чалавек года Віцебшчыны» родам з Нямойты

Алена Берашэвіч, аператар машыннага даення рэспубліканскага даччынага ўнітарнага СГП «Дружбінец», стала лаўрэатам прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2010».

 У дзяцінстве мала хто марыць аб прафесіі трактарыста ці аператара машыннага даення.І Алена, калі ўладкоўвалася пасля заканчэння  Машчонскай школы на ферму, думала, што папрацуе нейкі час і звольніцца… Яна хацела, як і большасць дзяўчат, жыць у горадзе, хадзіць у  тэатры і кіно. Але неўзабаве выйшла замуж за вясковага хлопца, нарадзіліся дзеці. І мары развеяліся самі па сабе. 

 Пасяліліся маладыя на радзіме Алены ў вёсцы Тыльцы. Жылі б там і сёння, калі б не ліквідавалася мясцовая ферма.  Берашэвічы за­думаліся пра пераезд. З’язджаць з абжытага мес­ца было нялегка, але ся­дзець без працы Алена таксама не магла. Трэба было гадаваць дзяцей. Пакінуўшы дыхтоўны дом і пабудовы, сям’я пераехала ў вёску Забор’е Нямойтаўскага сельсавета.

 Кіраўніцтва РУП «Дружбінец» выдзеліла дом з усімі выгодамі.  Муж уладкаваўся трактарыстам-машыністам, жонка пайшла на мясцовую ферму. Сёння яна адна з лепшых аператараў машыннага даення ў раёне. Надой на карову ў групе Алены Валянцінаўны за мінулы год склаў 7095 кг, валавы надой па групе — 258 тон. Усё малако ідзе толькі вышэйшым гатункам, захаванасць цялят складае 95%.

 Такія высокія паказчыкі даюцца нялёгка — гэта штодзённая праца.  Да таго ж Берашэвічы трымаюць жывёлу на ўласным падворку. Ёсць свінні, куры, карова, здаюць малако дзяржаве.

 Каб стаць лаўрэатам прэміі «Чалавек года», не- абавязкова займаць  высокую пасаду. Трэба толькі выконваць сваю работу як след. І Алена Берашэвіч таму пацвярджэнне.

  Кацярына КАРПОВІЧ.

 На здымку: лаўрэат прэміі «Чалавек года Віцебшчыны-2010» Алена Берашэвіч.