ДЗЯЖУРНЫ РЭПАРЦЁР

У сямі нянек…

 Напярэдадні новага года сінягорцы,  якія жывуць па цэнтральнай вуліцы вёскі і карыстаюцца водаправодам, засталіся без вады. Па  словах  З.А.Сіняковай, ваду  пенсіянерам  прывозяць з Савініч прыватныя асобы за  плату.

 — Быў стары водаправод, цёк, як рэшата. Пад слабым ціскам, але вада падавалася. А тут усё новае і на табе — вады нельга набраць з калонкі, — гаравала Зінаіда Анісімаўна.

 Каб высветліць, чаму так сталася, мы звязаліся з  С.В.Пракаповічам, намеснікам старшыні райвыканкама. Па яго словах, водаправод, у той яго частцы, што эксплуатуецца прадпрыемствам жыллёва-камунальнай гаспадаркі, парываў не мае. Праўда, яны ёсць на вытворчых аб’ектах СВК «Сінягорскае», на лініі водаправода паміж імі. У выніку вада да вёскі, колькі яе  не напампоўвай у вежу, не даходзіць.

 — РУП ЖКГ накіравала сваіх спецыялістаў і тэхніку на дапамогу сельгаскааператыву, аднак, на маю думку, каб падобныя сітуацыі не ўзнікалі зноў, воданапорную вежу, якая зараз належыць сельгаскааператыву, варта перадаць камунальнікам. Тым больш, за іх сродкі праведзены рамонтныя работы і на свідравіне, і на вежы, — выказаўся Сяргей Віктаравіч.

Дарогу ад снегу расчысцілі

 Вольга Маркаўна Станкевіч патэлефанавала ў рэдакцыю з мабільнага тэлефона. Жанчына-пенсіянерка з вёскі Бабаедава вельмі турбавалася, бо пасля снегападаў дарога да населенага пункта некалькі дзён заставалася занесенай. А значыць, нешматлікія вяскоўцы маглі на святы застацца не тое што без прысмакаў — без хлеба. Мы неадкладна звязаліся з выканкамам Нямойтаўскага сельскага Савета дэпутатаў і хутка атрымалі адказ ад яго старшыні.  А.Л.Бараноўскі паведаміў: «Дарогу ад снегу вызвалілі.  Інфармацыя дакладная на ўсе 100 %, бо паступіла ад вяскоўцаў Бабаедава. Якая арганізацыя зрабіла добрую справу, не скажу. Прасіў дапамогі і ў РУП «Дружбінец», і ў ДРБУ-146″, — паведаміў Анатоль Леанідавіч.

 Аляксандр Лазюк.