Валейбалісты распачалі сезон
Аматары валейбола Сенненшчыны распачалі новы сезон. У Ходцах прайшоў адкрыты турнір на прызы выканкама мясцовага сельскага Савета дэпутатаў. Пазмагацца за іх сабралася 10 каманд, у тым ліку госці з Віцебска і Віцебскага раёна.
Нягледзячы на тое, што ў складзе каманд былі пераважна аматары, на валейбольнай пляцоўцы вялася досыць упартая барацьба. У рэшце рэшт перамогу святкавалі валейбалісты «Ветэрана», каманды з абласнога цэнтра. У яе складзе хоць і гулялі пераважна людзі пенсіённага ўзросту, але кожны з іх у свой час спортам займаўся прафесійна. Другое месца занялі валейбалісты Сенненскага льнозавода і трэцяе — г.п.Багушэўск.
Дарэчы, 4 месца дасталася таксама валейбалістам гарадскога пасёлка — камандзе ДЛГУ «Багушэўскі лясгас», 5 — аграгарадка «Белая Ліпа».
Астатнія каманды, якія прадстаўлялі аграгарадкі Машканы, Вароны (Віцебскі раён), СВК «Літусава», ПС «Сянно» і райгаза, набралі аднолькавую колькасць ачкоў.
Л.Іўеў.