Свята маладых

30 кастрычніка  ў Багушэўскім Доме культуры было шматлюдна. Сюды «зляцеліся» маладыя спецыялісты з усяго раёна.

 У гэтым годзе 137 чалавек упершыню прыступілі да сваіх працоўных абавязкаў менавіта на Сенненшчыне. З іх 37 — спецыялісты                 сельскай гаспадаркі.

  Свята не выпадкова праводзіцца ў апошнія дні кастрычніка. 29 — дзень нараджэння Усесаюзнага Ленінскага Камуністычнага саюза моладзі (ВЛКСМ).

 Для сучаснікаў слова «камсамол» з’яўляецца далекім водгаласам мінулага. І не ўсе ведаюць яго значэнне, не кажучы пра гісторыю ўзнікнення і развіцця. Аднак камсамол не сышоў у небыццё. Яго пераемнікам па праву лічыцца ГА «БРСМ». Сёння, як і 90 гадоў таму, моладзевая арганізацыя аб’ядноўвае таленавітых, актыўных, працавітых маладых людзей. На Сенненшчыне 1090 чалавек маюць членскія білеты «БРСМ». А гэта — чвэрць моладзі раёна.

 Сувязь пакаленняў — неад’емная частка нашага жыцця. Таму арганізатары святочнага вечара — РК ГА «БРСМ» і аддзел па справах моладзі райвыканкама — сабралі разам былых камсамольцаў і маладых спецыялістаў.

 З лепшымі пажаданнямі да пачынаючых свой працоўны шлях людзей звярнуліся  намеснік старшыні райвыканкама, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Генадзь Сабыніч, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Міхалькоў, а таксама супрацоўнікі райвыканкама, кіраўнікі арганізацый і прадпрыемстваў раёна.

 Усіх прысутных з нагоды свята вітаў і першы сакратар РК  ГА «БРСМ» Аляксандр Абушкевіч. Ён жа падвёў вынікі рэспубліканскай акцыі «Пытанне Прэзідэнту», у якой прынялі ўдзел каля 640 чалавек з Віцебскай вобласці. Пяці вучням з нашага раёна пашанціла атрымаць пісьмовы адказ. Ім былі ўручаны паштоўкі ад Прэзідэнта краіны (на здымку).

  У святочных абставінах 15  школьнікаў Багушэўска атрымалі піянерскія гальштукі, значкі членаў «БРСМ» і акцябрат.

 На свята запрасілі і тых, хто ўжо год працуе на Сенненшчыне. Маладыя спецыялісты 2009 года Анастасія Вярбіцкая і Аляксей Бурштын звярнуліся да прысутных са словамі падзякі. 

 Афіцыйная частка плаўна перайшла ў дыскатэку. Добры спосаб пазнаёміцца адзін з адным бліжэй.

Кацярына КАРПОВІЧ.