У аграгарадку Ходцы прайшло свята вуліцы Віцебскай

3У аграгарадку Ходцы прайшло свята вуліцы Віцебскай “З любоўю да людзей і зямлі”.

 Да мерапрыемства грунтоўна рыхтаваліся сельвыканкам, самі вяскоўцы, і работнікі мясцовага дома культуры.

Сярод ганаровых гасцей свята прысутнічала намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта Зоя Фаміна. Таксама на мерапрыемства былі запрошаны клубныя работнікі ўстаноў культуры раёна, метадысты арганізацыйна-метадычнага і інфармацыйна-аналітычнага аддзела раённага цэнтра культуры і народнай творчасці. Мерапрыемства насіла паказальны характар і павінна было стаць своеасаблівым узорам для культработнікаў у правядзенні падобных свят.

 Адкрыла свята старшыня Ходцаўскага сельвыканкама Вольга Шчарбакова. Вітаючы аднасяльчан, яна з удзячнасцю зазначыла, што ўсе жыхары вуліцы вельмі працавітыя, дружныя, заўсёды падтрымліваюць парадак і чысціню каля сваіх сядзіб, аздабляюць тэрыторыю падворкаў малымі архітэктурнымі формамі, кветнікамі, якія да позняй восені буяюць разнаквеццем. З гісторыяй вуліцы прысутных пазнаёміла яе жыхарка Ларыса Ракава. Ад ініцыятыўнай групы “Маладыя душой” ГА “БГЧК” мела слова Галіна Кузняцова, якая ўручыла падарункі маленькім жыхарам вуліцы.

 У кожнай намінацыі, якую называлі вядучыя, ушаноўваліся жыхары вуліцы, пра кожнага знайшліся цёплыя словы. Героямі свята сталі людзі, якія шмат гадоў адпрацавалі на карысць роднай зямлі ў самых розных сферах дзейнасці: сельскай гаспадарцы, паштовай сувязі, ахове здароўя, адукацыі і культуры і інш. З асаблівай павагай вядучыя называлі прозвішча найстарэйшай жыхаркі вуліцы Тамары Піпкінай.  Жанчына працавала ў саўгасе “Ходцы” ў аддзеле кадраў, адкуль пайшла на заслужаны адпачынак. У маладосці Тамара Васільеўна была ўдзельніцай знакамітага танцавальнага гурта  “Ходцаўская кадрыль”. Рэгіянальныя танцы з репертуару гэтага аматарскаа калектыву ўваходзяць ў залаты фонд беларускай культуры.

 Разам са сваімі бацькамі Надзеяй і Ягорам Талстанок прымаў віншаванні і самы маленькі “віцябчанін” Арцём.

З задавальненнем рукапляскалі вяскоўцы сямейным парам, якія пражылі ў згодзе ні адзін дзясятак гадоў. Сярод іх – сем’і Уладзіміра і Ларысы Шынкевіч, Сяргея і Ганны Дадзеркіных, Пятра і Валянціны Кузняцовых, Мікалая і Наталлі Семяньковых і інш. Прыклад гаспадарлівага падыходу паказваюць сем’і Ларысы і Уладзіміра Шынкевіч, Ганадзя і Таццяны Паразенка. Не засталіся без увагі і дружныя добрыя суседзі. У гэтай намінацыі адзначаны сем’і Ананенка, Бяляцкія, Цепляковы. Усім ім прысвечаліся музычныя віншаванні

 За добры настрой ўдзельнікаў свята адказвалі самадзейныя артысты: вакальная група “Весялуха”, Любоў Жукоўская, Таццяна Самарына, дуэт у складзе Таццяны Глінскай і Канстанціна Паразенкі, Таццяна Ліванская, Святлана Прасвяшчэннікава.   І, бясспрэчна, сапраўдным упрыгожаннем свята стала музычнае выступленне сям’і Ермашкевіч — Аляксандра Мікалаевіча і яго дачкі Наталлі.

 Жыхары вуліцы сардэчна дзякавалі дырэктару мясцовага Дома культуры Алесі Даукшас, мастацкаму кіраўніку Любові Жукоўскай, а таксама ўсім, хто арганізаваў і правёў гэта запамінальнае і яркае мерапрыемства.

Ларыса МУКАМОЛАВА.

НА ЗДЫМКУ: на вулічнай сцэне вакальны гурт “Весялуха”.