Знаёмцеся! Удзельнікі конкурса на лепшы моладзевы падворак

Працягваем, паважаныя чытачы, знаёміць вас з сем’ямі, што прымаюць удзел у раённым конкурсе «Лепшы моладзевы падворак». Гаворка наша пойдзе пра сям’ю Васіля і Ірыны Кандратавых з аграгарадка Машканы.

 Не часта такое бывае, каб аднакласнікі станавіліся мужам і жонкай. Звычайна, цікавасць да чалавека, якога ведаеш з самага дзяцінства, не ўзнікае. Гаворачы на гэту тэму, Ірына Кандратава ўсміхаецца:

 — У школе мы амаль што не звярталі адзін на аднаго ўвагі. Сябравалі, але рамантычных адносін  не было.

   Пачуцці  паміж маладымі з’явіліся пасля таго, як дзяўчына паступіла ў Віцебскае музычнае вучылішча і дадому стала прыязджаць толькі ў выхадныя. Вось тады і пачаў Васіль праводзіць былую аднакласніцу. Калі дзяўчына вучылася на апошнім курсе, яны згулялі вяселле.

 Сёння ў сям’і  — двое дзяцей. Старэйшы Цімафей вучыцца ў 6 класе. Малодшаму Фёдару — чатыры гады. Цімафея добра ведаюць у роднай вёсцы. Ён заўзяты ўдзельнік усіх канцэртаў, што праводзяцца ў Машканскім Доме культуры і школе.  Паспрабаваў ужо сябе ў якасці артыста і Федзя, на 23 лютага ён песняй павіншаваў ўсіх татаў са святам.

 Сёння Ірына працуе ў Машканскай школе-садзе музычным кіраўніком. Нядаўна яна скончыла завочнае аддзяленне ВДУ імя П.М. Машэрава па спецыяльнасці «музычнае мастацтва». 

Васіль — ляснік. Трымаюць Кандратавы і свойскую жывёлу.

 — Здаем малако. Летам, бывае, і па 40 літраў за дзень (дзве каровы). Час ад часу гадуем свінаматку. Ёсць куры, — расказвае пра сваю гаспадарку Ірына.

 Знаходзіць час маладая гаспадыня і на добраўпарадкаванне сядзібы. Жанчына вельмі любіць вулічныя кветкі. З ранняй вясны да позняй восені на клумбах цвітуць рамонкі, астры, ружы… У гэтым годзе зрабілі новы плот перад домам, які размалявалі яркімі колерамі. Цяпер сядзіба выглядае на ўсе 100!

 Кацярына КАРПОВІЧ.

На здымку: Ірына Кандратава ля сваёй сядзібы.