ЯК ЖЫВЕШ, СЕЛЬСАВЕТ? Карэспандэнт газеты здзейсніла падарожжа па Нямойтаўскім сельсавеце.

Жывуць людзі ў вялікіх і малых гарадах, вёсках. У кожнага — свой лёс, свая жыццёвая гісторыя. Cёння гаворка наша будзе пра тых,   хто пасяліўся ў Нямойтаўскім сельсавеце. Разам са старшынёй сельскага Савета Анатолем Бараноўскім  карэспандэнт раённай газеты адправілася ў падарожжа, каб расказаць чытачам пра людзей добрых і спагадлівых, працавітых і добразычлівых.

 Нямойтаўскі сельсавет — гэта 45 вёсак, у якіх пражывае 1626 чалавек. На яго тэрыторыі знаходзіцца 3 сельгаспрадпрыемствы: СВК «Пурплева», РУП «Дружбінец», ААТ «Райаграсервіс». Ёсць  тут  4 фельчарска-акушэрскія пункты, 2 паштовыя аддзяленні, 4 бібліятэкі, 1 комплексна-прыёмны пункт, 2 школы, 2 СДК і 2 сельскія клубы. 

Да добрых гаспадароў

  Бывае, плануеш сваю будучыню, марыш аб нечым, а ўсё адбываецца зусім інакш. Таццяна Паўлоўская (здымак №2) расла ў шматдзетнай сям’і (чацвёра дзяцей). Бацькі трымалі вялікую гаспадарку. Пра нялёгкае вясковае жыццё дзяўчына ведала не з кніжак. Таму і марыла стаць гарадскім чалавекам, каб мець кватэру з выгодамі. Але лёс вырашыў па-іншаму.

 Паступіўшы ў Смальянскі сельскагаспадарчы каледж, дзяўчына хутка выйшла замуж. Выбраннікам стаў вясковы хлопец  — Віктар. Маладыя пасяліліся ў Пурплеве. Жанчына пайшла працаваць бухгалтарам у СВК «Андрэйчыкі», у мужа за плячыма была Горацкая сельскагаспадарчая акадэмія. 

 Пасля дэкрэтнага водпуску Таццяна засталася дома, бо былога месца працы не стала (СВК «Андрэйчыкі» расфарміравалі), а ездзіць у суседнія гаспадаркі ці райцэнтр не атрымлівалася. Дзеці былі зусім малыя. Віктар у хуткім часе перайшоў у Багушэўскі лясгас. І пачалі Паўлоўскія пакрысе абзаводзіцца гаспадар кай. Спачатку з’явілася адна кароўка, потым набылі другую, трэцюю…

 Сёння яны смела могуць назваць сябе фермерамі. Бо трымаюць пяць кароў, каня, свіней, курэй…

 — Ад адной рагулі прыбытку няма, а калі іх дзве і больш, нейкія грошы ў сям’ю ідуць. Я падумаць ніколі не магла, што буду марыць пра шостую карову, — смяецца Таццяна.

 Яна не жартуе. Нядаўна Паўлоўскія набылі даільны апарат. Рукам цяпер лягчэй, галоўную працу выконвае тэхніка. Чаму б не набыць і шостую рагулю? Ёсць у гаспадарцы трактар. Без яго цяжка было б нарыхтоўваць сена на шэсць галоў.

 Добрымі памагатымі становяцца дзеці. Іх у сям’і трое. Дачка Віка навучэнка механіка-тэхналагічнага каледжа, дадому прыязджае толькі на выхадныя. Два сыны яшчэ школьнікі, вучацца ў дзевятым і другім класах, але ўжо сапраўдныя памочнікі, гаспадары. І кароў пасвяць, і касіць разам з бацькам спрабуюць. Улетку працуюць упоравень з дарослымі. А работы на прысядзібным участку хапае. Таццяна прызнаецца, што цяжка пяць дзён запар у полі радоўку адбываць. Вось тут хлопцы і прыходзяць на дапамогу.

 У Нямойтаўскім сельскім Савеце сем’яў, у якіх ёсць  больш за адну  карову, не так і многа. Усяго 19.

 Раней, канешне, вяскоўцы трымалі рагуль дзеля дзяцей. Цяпер сталым людзям здароўе не дазваляе, маладыя не хочуць клопатаў. а сярэдняе пакаленне адмаўляецца ад кароў таму, што малако таннае, а нарыхтоўваць сена цяжка.

 Тым не менш, падсобныя гаспадаркі, няхай і без кароў, маюць амаль усе. Нават самыя старыя гадуюць птушку. Некаторыя гаспадары аддаюць перавагу козам. Праўда, ёсць і такія вяскоўцы, якія жывуць, як «на асфальце». Але такі лад жыцця ўсё ж  лічыцца дзіўным і для многіх незразумелым.

 Закуп малака ў насельніцтва ад адной каровы складае 1796 кг, да ўзроўню мінулага года гэта 114%. Усяго на 1 кастрычніка гэтага года ў насельніцтва закуплена звыш 280 тон малака. 

 Сям’я Паўлоўскіх малако здае штодзень. За месяц  гэта больш за 3500 літраў. Грошы атрымліваюцца нядрэнныя, толькі зарабляюцца яны нялёгка.

 У вёсцы Клімавічы жыве яшчэ адна сям’я Паўлоўскіх. Гэта бацькі Віктара Паўлоўскага (пра сям’ю якога мы расказвалі вышэй). У адрозненне ад сына, Васіль Сямёнавіч  (на здымку №3) спецыялізуецца не на каровах, а на авечках.

 — Колькі іх — не скажу, дрэнная прыкмета: весціся не будуць, — усміхаецца гаспадар. Але прызнаецца, што дзесьці каля 30.

 Падсобная гаспадарка, калі да яе адносіцца з толкам, прыносіць грошы. Але дзе грошы зарабляліся лёгка? Паўлоўскія гадуюць авечак, а вось воўну і шкуры здаваць няма куды, выкідваюць. Затое мяса  разыходзіцца па сваяках і родных. Пяцёра дзяцей не адмаўляюцца ад смачнага кавалачка. Праўда, і дапамагаюць бацькам, а як жа, без іх наўрад ці  змаглі б старыя трымаць такую атару.

Майстры на ўсе рукі

У тых, хто не трымае жывёлу, часу вольнага значна больш. Адны займаюцца кветкаводствам, іншыя вышываннем, разьбой па дрэве…

 У дырэктара Пурплеўскай пачатковай школы Валянціны Мікалаеўны Падалінскай — дом  узорнага парадку (на здымку №1).

— Не першы год гэта сям’я становіцца пераможцай конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне сядзібы. Тут і кветак мора. А якога кракадзіла зрабілі, пойдзем, пакажу, — гаворыць старшыня сельскага Савета Анатоль Леанідавіч.

 Кракадзіл сапраўды цікавы: зроблены з пафарбаваных каменьчыкаў. Радуе вока і невялічкая сажалка, што выкапана перад домам. Старшыня вельмі ганарыцца тым, што на нямойтаўскай зямлі жывуць добрыя гаспадары. У кожнай вёсачцы ёсць адна, а то і некалькі сядзіб, што патанаюць у кветках ці радуюць малымі архітэктурнымі формамі.

— Калі прыходзіцца падводзіць вынікі конкурсу на лепшае добраўпарадкаванне, бывае вельмі цяжка вызначыць пераможцаў. Кожны чалавек у нечым арыгінальны. Нікога не хочацца пакрыўдзіць.

  Рыгор  Пінчук — майстар па пляценні з лазы (на здымках: майстар (5) і яго выраб (4). Сам ён так не лічыць, але калі бачыш яго работы, інакш назваць гэтага таленавітага чалавека не атрымліваецца.

 Рыгор  Мяфодзьевіч родам з Аршанскага раёна. Але на пытанне «адкуль вы?» адказаў, што з Сянно. А потым дадаў: «Мы з маці пераехалі ў вёску Утрылава Студзёнкаўскага сельсавета, калі я быў зусім малы. А потым, будучы жанатым,  перабраўся ў Нямойту», — расказвае мужчына. 

 Пасля школы ён паступіў ў Новалукомльскае вучылішча. Але па спецыяльнасці «мантажнік жалезабетонных канструкцый» не працаваў ніводнага дня. На вёсцы такія спецыялісты  не запатрабаваныя.

 Упершыню плесці з лазы   Рыгор Мяфодзьевіч паспрабаваў год 8 таму, калі яго сябар набыў самаробнае крэсла. Уважліва разгледзеў работу,  захацеў паспрабаваць свае сілы. Пачаць вырашыў з вывучэння тэорыі. Таму перш-наперш набыў у магазіне некалькі кніг, у якіх падрабязна расказвалася пра тэхніку пляцення з лазы.

 — На вывучэнне літаратуры пайшоў прыкладна месяц. Не ўсё спачатку атрымлівалася. Самае важнае — зразумець методыку. А потым справа пой­дзе хутка, — дзеліцца майстар.

 Спачатку сям’я Рыгора Пінчука да новага захаплення бацькі ставілася несур’ёзна. Думалі, што пазабаўляецца крыху і закіне гэту справу. Але калі першая работа была закончана — сумненні ўсе развеяліся.

 Сёння яго вырабы можна  ўбачыць на раённых, абласных, рэспубліканскіх конкурсах і выставах. З лазы Пінчук можа зрабіць крэсла, стол, тумбачку… Больш за ўсё падабаецца яму майстраваць крэслы-качалкі. Тут можна паэксперыментаваць, ды і знаёмыя часцей за ўсё просяць сплесці для іх менавіта крэсла-качалку.

 Справа гэта не хуткая. На выраб адной адзінкі ідзе прыкладна месяц. Але ж спачатку неабходна нарыхтаваць лазу, пачысціць яе, высушыць, зрабіць з яе стужкі. І толькі потым ператвараць задуму ў жыццё. 

 Звычайна пляценнем Рыгор займаецца ўзімку. Летам, калі і з’яўляецца свабодная хвілінка, мужчына з задавальненнем рыбачыць. Працуе ён машыністам кацельні Нямойтаўскага ўчастка ЖКГ, бывае, што садзіцца і на трактар, калі ёсць такая неабходнасць.  У гэтым годзе ён дапамагаў араць пад азіміну землі ў РУП «Дружбінец».

Надзённае

Не абыходзіцца і без штодзенных клопатаў і праблем. Даведацца аб тым, што хвалюе вяскоўцаў, якія ў іх турботы, дапамагаюць 19 старэйшын.  Старшыня сельсавета прызнаецца, што без гэтых людзей значна цяжэй было б працаваць. Паспрабуй ты адначасова сачыць за тым, што адбываецца ў 45 населеных пунктах. А пытанні ў людзей бываюць розныя. Хтосьці просіць вулічнае асвятленне адрамантаваць, камусьці трэба з апрацоўкай агарода дапамагчы…

 Сёння на тэрыторыі сельсавета пражываюць 4 інваліды, 5 удзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, 364 адзінока пражываючых, 37 адзінокіх і 14 шматдзетных сем’яў, у якіх выхоўваюцца 43 дзіцяці. Шмат увагі ўдзяляецца менавіта гэтым людзям. Але і самі яны бываюць даволі актыўнымі.

 Напрыклад, пры Краснасельскім Доме культуры другі год існуе міні-праект «Мы разам», кіраўніком якога з’яўляецца Ала Шмурадка. Калі чалавек ідзе на пенсію, ён адчувае сябе адзінокім. Каб гэтага не было, пенсіянеры вырашылі аб’яднацца і дапамагаць адзін аднаму з апрацоўкай агародаў, нарыхтоўкай дроў, расчысткай снегу ўзімку… Праводзяць і вечары адпачынку. Сёння ў міні-праекце ўдзельнічае 11 чалавек, але ўжо ў хуткім часе да іх далучацца яшчэ не калькі навічкоў.

 На жаль, з кожным годам старэюць нашы  вёскі. Сёння на 1626 чалавек, што пражываюць у Нямойтаўскім сельсавеце, — 569 пенсіянераў і толькі 225 працаздольных. Але не сумуюць вяскоўцы. Нягледзячы на тое, што з кожным годам іх становіцца ўсё меней, час ад часу спраўляюць і вяселлі.

 У мінулым годзе заручальнымі пярсцёнкамі ў сельскім Савеце абмяняліся 8 пар. У гэтым — ужо 14 маладых людзей сталі мужам і жонкай. Няхай не часта, але нараджаюцца дзеці. У 2010, як і ў мінулым,  на свет з’явіліся 8 малышоў. Актыўна будуецца і жыллё. Толькі ў Нямойце за апошнія 4 гады пабудаваны 34 аградомікі. У многіх з іх пасяліліся маладыя сем’і…  На гэтай мажорнай ноце мы і скончым наша падарожжа па Нямойтаўскім сельсавеце.

Кацярына  КАРПОВІЧ.