«Экстра» з мінусам

Вытворчасць сельгаспрадукцыі выходзіць на новы этап. Перапрацоўшчыкі і спажыўцы прад’яўляюць усё больш жорсткія патрабаванні да яе якасці. Здавалася б, у гэтым жа зацікаўлены і аграрнікі — за прадукцыю высокай якасці плоцяць па больш высокаму тарыфу. У рэальнасці тэорыя не заўжды стасуецца з практыкай.  Што не цяжка даказаць, маючы перад вачыма інфармацыю, якая сведчыць  аб продажы малака сельгасарганізацыямі раёна.

  Малако гатунку «экстра» прадаецца  не першы год. Піянерам яго   было РУП «Дружбінец». Але прадпрыемства вось ужо каторы год топчацца на лічбе 25-29 % — столькі прадукцыя найвышэйшай якасці займае ў агульным аб’ёме вытворчасці малака. Пазней  «экстра» стала паступаць з ферм  КУСП «саўгас імя П.М.Машэрава». У верасні яе доля дасягнула амаль 60%. Многа? На першы погляд — так.  Але такое малако паступае толькі з новага комплексу. А яшчэ нядаўна  прадукцыю найвышэйшай якасці даілі на МТФ «Задарожжа». Атрымліваць яе  маюць усе магчымасці жывёлаводы  фермы вёскі Машканы. Больш  малака гатунку «экстра» маглі б пастаўляць на перапрацоўку жывёлаводы ААТ «Сенненскі райаграсервіс», СВК «Студзёнка».Ведаюць што і як рабіць для атрымання такой прадукцыі (некаторы час  яе нават атрымлівалі) у СВК «Белая Ліпа

Ёсць неабходнае абсталяванне (халадзільнікі, малакаправоды, аналізатары якасці) і  ўмовы  для вытворчасці малака гатунку «экстра» ў сельгаскааператывах «Ульянавічы», «Бяленева», «Літусава». Аднак на фермах названых гаспадарак  такога малака ніколі не атрымлівалі, хоць  акупіць затраты  на набытае абсталяванне можно толькі адным спосабам — павышаючы якасць прадукцыі. Між тым, зрабіць у названых вышэй гаспадарках засталося зусім нямнога — трэба папрацаваць з дойным статкам зоаветспецыялістам.

 Наколькі   такая задача пад сілу тэхнолагам, застаецца толькі разважаць, бо  карцінка з якасцю малака мяняецца  як у калейдаскопе. Возьмем за прыклад усё тыя ж названыя вышэй гаспадаркі, якія маглі б, але не маюць малака найвышэйшай якасці. У верасні ў сельгаскааператывах «Ульянавічы», «Бяленева», «Літусава» ў параўнанні з такім жа перыядам 2009 года знізіўся нават працэнт малака вышэйшага гатунку.  Менш стала малака вышэйшага гатунку ў кааператывах «Сінягорскае», «Кругляны». Станоўчую дынаміку  прадэманстравалі, праўда, насенняводчы саўгас імя Данукалава, дзе рост склаў 92 %, і СВК «Ясная зара» (25,8 %). Малако вышэйшага гатунку  ўвогуле не атрымлівалі ў верасні жывёлаводы КУСГП «Полымя», што сведчыць, як мінімум, аб абсалютнай абыякавасці да жывёлагадоўчай галіны спецыялістаў і кіраўніцтва прадпрыемства, бо дойны статак гаспадаркі сканцэнтраваны ўсяго на дзвюх фермах; СВК «Пурплева» — тут так і не пераламілі «звычку» даярак фальсіфікаваць малако вадой, што ў эканамічным плане сабе даражэй; СВК «Кругляны» —  шкада калектыў фермы «Канстантова», прадукцыя якога  адпавядае  вышэйшаму гатунку якасці, але  яна губляецца  ў агульным аб’ёме малака, што дастаўляецца на перапрацоўку  адным малакавозам.

  Ахалоджванне малака садзейнічае павышэнню яго якасці. Паніжэнне тэмпературы да мінусавай прыводзіць да адваротнага. Малако гатунку «экстра»  сенненцы сталі прадаваць першымі ў вобласці. Сёння па гэтым паказчыку мы ў ліку  аўтсайдэраў.

         Л.Іўеў.