Лепшымі пажарнымі прызнаны сенненцы

Трубаправоды для перапампоўвання нафтапрадуктаў уяўляюць не толькі вялікую экалагічную небяспеку, яны яшчэ і  пажаранебяспечныя. У гэтым пераканаліся на Міёршчыне пажарна-выратавальныя службы падчас вучэнняў (на здымку) на ЛПДС «Дзісна». Некалькі добраахвотных пажарных дружын ПУП «Захаднафтапрадукт» з Сянно, Гомеля,  Мазыра і іншых месцаў  сабраліся 6 кастрычніка на Міёршчыне, каб памерацца сіламі ва ўменні змагацца з агнём.

Дарэчы, у мінулым годзе падобныя спаборніцтвы праводзіліся ў Гомелі, і там каманда з Сянно заваявала першае месца. Сёлета кожнае прадпрыемства прадстаўляла дружына з чатырох чалавек.

Добраахвотныя дружыны мераліся сіламі ў чатырох намінацыях. Першая — на хуткасць адзявання спецыяльнай вопраткі. Пэўных спецыяльных навыкаў патрабавала «гашэнне» пажару. Для гэтага трэба было ў спецадзенні адолець пэўную дыстанцыю, падхапіць парашковы вогнетушыцель і з налёту збіць полымя з гарачых нафтапрадуктаў і так жа імкліва закончыць дыстанцыю. Зусім сур’ёзным было пераадоленне спецыяльнай паласы перашкод. У гэтым выпрабаванні ў першай спробе ўсе каманды дружна паказвалі амаль аднолькавы час у межах 25-26 секунд. У другой спробе нехта выдыхся, а больш спрактыкаваныя дадалі тэмпу. 23 секунды, а гэта лепшы вынік, забяспечыў дружыннік з Мазыра. У заключэнне — баявое разгортванне. Яно патрабавала ўстанавіць гідрант, далучыць рукаў, падключыць ствол і даць ваду, адным словам, падрыхтавацца да гашэння полымя на рэзервуары. У гэтым выпрабаванні кожную каманду прадстаўлялі два чалавекі.

І вось падвядзенне вынікаў. Па колькасці  ачкоў, набраных ва ўсіх намінацыях, першае агульнакаманднае месца зноў занялі выратавальнікі з перапампоўваючай  станцыі «Сянно». Другімі стала ДПД ПС «2М», трэцімі — ПС «Мазыр». Добраахвотная пажарная дружына ЛПДС «Дзісна» на чацвёртым месцы, на пятым — выратавальнікі наліўнога пункта «Гомель-3».